Чацвёртую батарэю супрацьпаветранага зенітна-ракетнага комплексу Тор-М2 Беларусь атрымае ў снежні 2016 года, паведаміў камандуючы ВПС і войск СПА Узброеных Сіл Алег Дзвігалёў.
3mv.ru
Пра гэта паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Першая і другая батарэі комплексу былі набытыя і атрыманыя Беларуссю ў 2011 і 2012 гадах, трэцяя — у 2013 годзе.
Батарэя комплексу складаецца з чатырох машын. Тор-М2 можа назіраць адначасова некалькі дзясяткаў цэляў і самастойна знаходзіць сярод іх найбольш небяспечныя. Адначасова батарэя можа весці агонь па 16 цэлях.
Прызначэнне комплексу — барацьба з верталётамі і самалётамі, а таксама беспілотнікамі, кіраванымі ракетамі і бомбамі на сярэдніх, малых і звышмалых вышынях.
Максімальная дальнасць стральбы — 12 км, вышыня — 10 км, піша афіцыйны сайт Мінабароны Беларусі.





