Ніжняя палата парламента Францыі пачала абмеркаванне законапраекта, згодна з якім сайты, якія заклікаюць адмовіцца ад абортаў, будуць закрывацца, а іх уладальнікі прыцягвацца да крымінальнай адказнасці, калі ў матэрыялах, якія публікуюцца, змяшчаецца загадзя лжывая інфармацыя.
AFP
У Францыі з 1993 года дзейнічае закон, які пагражае турэмным тэрмінам да двух гадоў і штрафам да 30 тысяч еўра за распаўсюд ілжывых звестак, якія падахвочваюць да адмовы ад аборту, піша ВВС.
Ініцыятары паправак у закон прапануюць пашырыць паняцце «злачыннае ўмяшальніцтва ў пытанні здароўя жанчын» і на інтэрнэт-прастору.
Актывісты могуць свабодна выказвацца супраць абортаў у інтэрнэце і на публіцы, калі робяць гэта шчыра, сказала міністр па правах жанчын Францыі Ларанс Расіньёль.
Апазіцыя лічыць, што прапанаваныя меры парушаюць свабоду слова. У прыватнасці, такое меркаванне 1 снежня выказаў кіраўнік сенацкай фракцыі рэспубліканцаў Бруно Рэтаё.
«Не трэба блытаць свабоду слова са спробамі маніпуляваць людзьмі», — заявіла ў адказ Расіньёль.
Супраць паправак выступіла таксама каталіцкая царква. Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Францыі Жорж Панцье накіраваў адкрыты ліст прэзідэнту Францыі Франсуа Алянду. У ім біскуп піша, што папраўкі супярэчаць прынцыпам свабоды слова і дэмакратыі ў цэлым.





