Мэры Афін, Мехіка, Мадрыда і Парыжа дамовіліся аб тым, што яны забароняць да 2025 года дызельныя аўтамабілі і грузавікі, паведамляе Бі-бі-сі.
AFP
Замест гэтага яны абяцалі заахвочваць выкарыстанне альтэрнатыўных транспартных сродкаў — электрамабіляў, гібрыдных і вадародных аўтамабіляў.
Таксама мэры абяцалі развіваць прагулачныя зоны ў гарадах і веласіпедную інфраструктуру.
У Мехіка таксама абяцалі далей развіваць грамадскі транспарт.
Гэтыя абяцанні мэры зрабілі ў Мехіка, дзе праходзіць сустрэча лідараў сусветных гарадоў.
У апошнія час дызельныя аўтамабілі падвяргаюцца крытыцы з-за шкоды, якую яны наносяць якасці паветра і здароўю людзей.
У выніку працы дызельных рухавікоў вылучаюцца ўзважаныя часціцы, якія пранікаюць у лёгкія і могуць выклікаць хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Таксама дызельныя рухавікі выдзяляюць аксіды азоту, у выніку чаго фармуецца прыземны азон. Гэта можа выклікаць істотныя праблемы з дыханнем у людзей.
Усе чатыры гарады пакутуюць ад праблем з якасцю паветра. У Парыжы ўжо спрабуюць змагацца з шкоднымі аўтамабільнымі выхлапамі. У горад забаронена ўязджаць аўтамабілям, якія былі зарэгістраваныя да 1997 года. У цэнтры горада аўтамабільныя дарогі ператвараюць у пешаходныя зоны.
Мэры чатырох гарадоў спасылаюцца на досвед Токіа, дзе ўжо забаронены рух дызельных аўтамабіляў.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя заяўляла, што каля 3 млн смерцяў у год у свеце звязана з наступствамі забруджвання паветра. Па дадзеных СААЗ, дзевяць з дзесяці жыхароў планеты дыхаюць брудным паветрам.





