На сайце Белтэлерадыёкампаніі з’явілася інфармацыя, што дырэктарам тэлеканала «Беларусь-24» цяпер з’яўляецца Аляксандр Мартыненка. У кампаніі пацвердзілі, што ён атрымаў новую пасаду ў канцы лістапада.

Ланцужок пертурбацый на БТ аказаўся доўгім. Папярэдніца Мартыненкі Алена Ладуцька ўзначаліла «Беларусь-1». Адтуль, у сваю чаргу, перавялі на новую пасаду Глеба Шульмана, які стаў генеральным прадзюсарам Белтэлерадыёкампаніі.

Адметна, што Аляксандр Мартыненка дагэтуль пазначаны на сайце «Савецкай Беларусіі» як намеснік галоўнага рэдактара, прычым займаў ён гэтую пасаду менш за паўгода. Цяпер жа ў «Савецкай Беларусі» паведамілі, што Мартыненка ў іх больш не працуе, а толькі вядзе аўтарскую перадачу на «Альфа-Радыё».

* * *

Аляксандр Мартыненка нарадзіўся ў 1971 годзе ў Касцюковічах Магілёўскай вобласці. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. У студэнцтве працаваў у эфіры радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». На тэлебачанне прыйшоў на пасаду намесніка галоўнага рэдактара Агенцтва тэленавінаў Белтэлерадыёкампаніі, затым кіраваў ім. Апошняя пасада ў складзе медыяхолдынгу — намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі. У канцы 2011 года ўказам прэзідэнта быў звольнены з гэтай пасады «ў сувязі з пераходам на іншую працу». Пасля працаваў прэс-сакратаром «Белаграпрамбанка».

Мартыненка — другі муж былой памочніцы прэзідэнта Беларусі Наталлі Пяткевіч. Чуткі паведамлялі пра іх развод, аднак інфармацыя так і не была афіцыйна пацверджаная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?