Няўдалы запуск і наступнае падзенне касмічнага карабля «Прагрэс МС-04» звязаныя з няякаснай зборкай рухавіка трэцяй ступені ракеты-носьбіта «Саюз-У». Пра гэта РІА «Новості» распавяла крыніца ў касмічнай галіне.
Суразмоўца агенцтва растлумачыў, што канчатковыя высновы можна будзе зрабіць толькі пасля мадэлявання на стэндзе з вывучэннем атрыманай тэлеметрыі. Ён заўважыў, што калі версія пацвердзіцца, то прыйдзецца здымаць і паўторна правяраць усе рухавікі, усталяваныя на аналагічных носьбітах.
«Хутчэй за ўсё, па выніках расследавання дзяржкамісія ў чарговы раз будзе вымушана канстатаваць выяўлены факт няякаснай зборкі рухавіка РД-0110, а стэндавае мадэляванне, якое будзе праведзена пасля аналізу наяўнай тэлеметрыі, пакажа, які менавіта кампанент рухальнай устаноўкі быў зроблены з парушэннямі», — сказаў суразмоўца агенцтва.
Грузавы карабель «Прагрэс» стартаваў з Байканура вечарам 1 снежня, ён павінен быў даставіць на Міжнародную касмічную станцыю паліва, ваду, прадукты харчавання, медыкаменты і навуковае абсталяванне. На сёмай хвіліне палёту з карабля перасталі паступаць тэлеметрычныя дадзеныя. Праз некалькі гадзін «Прагрэс» увайшоў у шчыльныя слаі атмасферы і згарэў.





