Школьніца з Бабруйскага раёна, у якой выяўлена ВІЧ-інфекцыя, не панясе адказнасці за яе распаўсюд. Пра тое, што 14-гадовы падлетак з'яўляецца носьбітам ВІЧ, стала вядома пасля таго, як яна даведалася пра цяжарнасць, а яе маці настаяла на аборце. Школьніца сказала, што ў яе была сувязь са старшынёй сельсавета. Разгарэўся скандал.

Намеснік пракурора Бабруйска Генадзь Ярмак, не закранаючы канкрэтнага выпадку, растлумачыў, што артыкул 157 Крымінальнага кодэкса «Заражэнне вірусам імунадэфіцыту чалавека» прадугледжвае розныя меры пакарання — ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін ад 2-х да 13 гадоў, у залежнасці ад цяжару здзейсненага злачынства.

— А вось непаўналетняя асоба за распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі не можа быць пакарана па гэтым артыкуле, бо крымінальнай адказнасці падлягае той, хто на момант здзяйснення дасягнуў 16-гадовага ўзросту, — паведаміў Генадзь Сяргеевіч. — Крымінальная адказнасць прадугледжана толькі для тых непаўналетніх, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы: напрыклад, забойства, рабаванне, згвалтаванне і г.д.

Чыноўніка затрымалі 21 лістапада. Яму прад'явілі абвінавачанне за палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту.

Высветлілася, што ужо 16 лістапада затрыманы, які сумяшчаў дзве пасады — старшыні сельсавета і кіраўніка сельскага выканкама, — напісаў заяву на звальненне па ўласным жаданні. Пазней, па словах яго калегаў, рашэннем сесіі райсавета яго пазбавілі дэпутацкага мандата.

Мясцовыя жыхары перакананыя: іх старшыня, а ў мінулым — школьны настаўнік, проста не мог спакусіць непаўлетнюю. Калегі затрыманага мужчыны перажываюць за яго і спачуваюць яго жонцы, 56-гадовай былой настаўніцы.

38-гадовая маці 14-гадовай дзяўчынкі адна выхоўвае дваіх дзяцей і прызнаецца, што малодшая дачка з 12 гадоў адбілася ад рук. Паводле яе слоў, вясной школьніца пачала скардзіцца на болі ў жываце, адправілася да доктара і паведаміла, што цяжарная. Маці настаяла на аборце. Аналізы, якія здала яе дачка перад штучным перарываннем цяжарнасці, паказалі: дзяўчынка з'яўляецца носьбітам ВІЧ-інфекцыі.

Пачалі высвятляць, з кім у падлетка была сувязь. Яна назвала імёны некалькіх хлопцаў і старшыні сельсавета. Пры гэтым маці кажа, што хлопцы, з якімі сустракалася яе дачка, таксама здалі аналізы на ВІЧ-інфекцыю, і яны былі адмоўнымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?