Беларус Сяргей Ткачоў увайшоў у склад назіральнай рады ПАТ «Брынцалаў-А». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні расійскай кампаніі для інвестараў, піша tut.by.

«Ён працуе ў Брынцалава ўжо некалькі месяцаў. Прапанавалі добрыя ўмовы. Курыруе вытворчасць у Беларусі», — распавёў знаёмы Ткачова.

Шматгадовы памочнік Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаннях апошнія 4 гады працаваў у сістэме машынабудаўнічага холдынгу «Амкадор». Ён быў намеснікам гендырэктара і гендырэктарам. Але ў большай ступені знаходзіўся ў цені. Перыядычна публікаваўся ў дзяржСМІ c жорсткай крытыкай лібералаў. Выступаў за вяртанне сталінскіх метадаў рэгулявання эканомікі.

Эксцэнтрычны расійскі бізнэсмэн Уладзімер Брынцалаў ужо даўно з пераменным поспехам вядзе бізнес у Беларусі. У свой час яго кампанія «МСП-ойл» была даволі прыкметным гульцом у пастаўках расійскай нафты на беларускія НПЗ і яе наступнай перапрацоўкі на давальніцкіх умовах. Затым нафтавыя даходы інвеставала ў стварэнне вытворчасці медпрэпаратаў. Паводле ўказу Лукашэнкі расійскі бізнэсмэн атрымаў дзяржпрадпрыемства «Дыялек» як маёмасны комплекс для яго развіцця. Але далей за словы справа не пайшла. Цяпер брынцалаўская кампанія «Ферэйн» наладзіла на магутнасцях «Дыялека» вытворчасць лекаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0