Прыкладна 60% тэрыторыі горада Алепа, якую раней утрымлівалі паўстанцы, за апошнія тыдні перайшло ў рукі сілаў Башара Асада.
Пра гэта паведамляе Сірыйская абсерваторыя правоў чалавека, што базуецца ў Лондане.
У блакадзе і штурме Алепа бралі ўдзел войскі Асада і ліванскага руху «Хезбалах» пры падтрымцы расійскіх авіяцыі і дарадцаў.
Баі ў Алепа доўжацца ад 2012 года і прывялі да гібелі, па розных ацэнках, ад 5000 да 30000 чалавек.
Расія ўмяшалася ў грамадзянскую вайну ў Сірыі на баку дыктатара з алавіцкай дынастыі Асадаў.
Супраць Асада ваююць як радыкальныя ісламісты, падзеленыя на дзясятак ідэалагічных і рэгіянальных груповак, так і ўмераная Свабодная армія Сірыі (САС).
Ісламістаў фінансуюць Катар і Саудаўская Аравія.
САС абапіраецца на дапамогу Турцыі, ЗША і Вялікабрытаніі.
Адначасова супраць Асада ды ісламістаў выступаюць таксама атрады курдаў, друзаў, туркменаў, што адстойваюць свае этнічныя інтарэсы.
На баку Асада ваююць этнічная армія ліванскіх шыітаў «Хезбалах» і экспедыцыйны корпус Ірана.
Асада падтрымліваюць таксама сірыйскія хрысціяне — іх у краіне было каля 10%, але менавіта яны складаюць значную частку ўцекачоў у краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Яны баяцца ўстанаўлення ў краіне ісламісцкага рэжыму ў выпадку падзення Асада.
Найбольшай пагрозай лічыцца так званая «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта», барацьбой з якой апраўдваюць сваё ўмяшанне і Расія, і ЗША. У апошнія месяцы Ісламскай дзяржаве нанеслі некалькі значных паражэнняў САС і курдскія апалчэнцы.
Вайна ў Сірыі прывяла да тысяч ахвяраў. Бамбёжкамі і артабстрэламі разбураны сотні населеных пунктаў.
Паўстанцы-суніты спрабавалі захапіць Алепа, аднак яго заходняя палова засталася пад уладай сілаў, верных ураду Башара Асада. Пасля далучэння да вайны Расіі горад перажыў знішчальныя бамбёжкі. Алепа параўноўваюць з Грозным і Варшавай часоў Варшаўскага паўстання.
Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступаў за спыненне амерыканскай дапамогі паўстанцам Сірыі. Разам з шэрагам іншых чыннікаў, гэта выклікала захапленне Масквы, якая спадзяецца за ўмацаванне свайго ўплыву ў краінах былога СССР і на Бліжнім Усходзе.





