wyborcza.pl
Маршалак польскага сената Станіслаў Карчэўскі на чале дэлегацыі наведае 5—6 снежня Беларусь па запрашэнні кіраўніка Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіла Мясніковіча, паведаміла 3 снежня пасольства Польшчы.У склад дэлегацыі ўваходзяць сенатары Яніна Сагатоўска, Станіслаў Гогач, Анджэй Місёлек, Лешак Пяхота і дэпутат Адам Андрушкевіч — сустаршыня Польска-беларускай парламенцкай групы.
Станіслаў Карчэўскі сустрэнецца ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам, Міхаілам Мясніковічам, а таксама са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.
Спікер сената Польшчы абмяркуе з беларускімі палітыкамі парламенцкае, рэгіянальнае супрацоўніцтва, пытанні малога памежнага руху, эканамічнае супрацоўніцтва і развіццё ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі. Ён закране таксама тэму палякаў, якія жывуць у краіне, і абмяркуе магчымасць завяршэння спрэчак вакол Саюза палякаў на Беларусі, адзначаюць у пасольстве.
Як указваюць у дыппрадстаўніцтве, візіт дэлегацыі сената супадае па часе з ратыфікацыяй беларускім парламентам дагавора паміж урадамі Беларусі і Польшчы ў галіне адукацыі.
Плануецца падпісанне сумеснай заявы аб супрацоўніцтве паміж сенатам Польшчы і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Паводле інфармацыі пасольства, у ходзе візіту пройдзе сустрэча з палякамі, якія жывуць у Беларусі, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыі.
Акрамя таго, на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта польская дэлегацыя сустрэнецца са студэнтамі і выкладчыкамі.
Польскія сенатары наведаюць РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
Дэлегацыя ўшануе памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій, брацкія магілы якіх знаходзяцца ў Курапатах на ўскраіне Мінска.





