Аляксандр Лукашэнка жорстка крытыкаваў прэтэнзіі кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта да беларускіх прадуктаў. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння на нарадзе па праекце дамовы аб Мытным кодэксе ЕАЭС, піша БелТА.

president.gov.by

president.gov.by

«У нас, калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса з Беларусі, ці шклянка малака, або кавалак хлеба захрасаюць, прадукцыя не тая. І ўрад пры гэтым маўчыць», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў плане мытных працэдур і мытнага працэсу Беларусь «прастрэльваецца» з усіх бакоў. «У нас відаць усё, нічога не схаваеш. У нас нават бяспошлінна аўтамабіль не завязеш. Гэта будзе вядома», — сказаў ён.

Адначасова кіраўнік краіны канстатаваў, што, напрыклад, Казахстан і Расія маюць велізарныя тэрыторыі і працяглыя мяжы, дзе часам цяжка пракантраляваць усе працэсы.

Кажучы аб Мытным кодэксе, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пры яго прыняцці ўсё павінна быць улічана. «Мы нічога не павінны страціць. У нас губляць няма чаго. Калі асноўныя гульцы нашага эканамічнага саюза — Расія і Казахстан — могуць недзе на нешта заплюшчыць вочы і рукой махнуць (у іх грошай нямерана, ведаеце ад чаго), то ў нас такіх шалёных грошай няма. Мы зарабляем сваімі мазгамі і рукамі гэтыя грошы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0