Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сустрэлася з амбасадарамі краін Еўразаюза. Гэта была традыцыйная штогадовая сустрэча, на якой абмяркоўваліся найважнейшыя пытанні гэтага года, парадак дня ЕС і пытанні знешняй палітыкі, паведамляе Delfi.
Сёлета асаблівая ўвага надавалася выклікам у сферы бяспекі ў рэгіёне Балтыйскага мора і напружанай геапалітычнай сітуацыі, узаемаадносінам паміж ЗША і ЕС пасля выбараў у Амерыцы.
Па словах Грыбаўскайце, Расія не толькі інтэнсіўна узбройвае Калінінградскую вобласць, але размяшчае там ракеты, якія могуць дасягнуць многіх еўрапейскіх сталіц. Крэмль таксама мае намер скарыстацца ўмацаваннем папулісцкіх сіл у Еўропе.
Таму, па словах кіраўніка Літвы, цяпер асабліва важна захоўваць адзінства ЕС, цвёрда абараняць каштоўнасці дэмакратычнага свету, больш інвеставаць у абарону, умацоўваць сродкі барацьбы з гібрыднымі пагрозамі, ясна паказаць, што на любую агрэсію будзе адказ.
Грыбаўскайце таксама падкрэсліла важнасць моцнай сувязі ЕС з ЗША. Па яе словах, Амерыка — гарант глабальнай бяспекі і стабільнасці. Таму неабходна падтрымаць цікавасць новай адміністрацыі ў Еўропе, умацоўваць трансатлантычнае супрацоўніцтва ў сферы абароны, бяспекі і эканомікі.