Шматфункцыянальны духоўна-асветніцкі комплекс будынкаў Беларускай праваслаўнай царквы плануюць пабудаваць у гістарычным цэнтры Мінска ў межах вуліц Вызвалення-Шпалерная. Цяпер там знаходзіцца Мінскае Епархіяльнае ўпраўленне БПЦ. Новы комплекс будзе злучаны з ім надземнай галерэяй.

Тут і ніжэй фота Сяргея Гудзіліна

У адміністрацыі Цэнтральнага раёна пачалося грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння будаўніцтва комплексу на навакольнае асяроддзе.

Паводле справаздачы плошча займанай аб'ектам тэрыторыі 5138 квадратных метраў, у межах работ — 7000 квадратных метраў.

Галоўным аб'ектам у складзе комплексу стане 3-4-павярховы адміністрацыйны будынак з падземным паркінгам. З другім адміністрацыйным будынкам і ўжо існуючым Мінскім епархіяльным упраўленнем комплекс будзе злучацца праз надземную галерэю.

Мэта будаўніцтва комплексу — кампактнае размяшчэнне кіраўнічага і абслугоўваючага персаналу Мінскай епархіі ў адным комплексе будынкаў. У адміністрацыйным будынку з паркінгам мяркуецца размяшчэнне працоўнага кабінета мітрапаліта, памяшканняў Упраўлення БПЦ, шматфункцыянальнай залы на 450 месцаў, сінадальнай залы, дапаможных службаў, асноўнай трапезнай, крамы царкоўных прыналежнасцяў, інфармацыйнага цэнтра. У «малым» адміністрацыйным будынку — працоўны кабінет памочніка мітрапаліта, памяшканняў персаналу, тэхнічных памяшканняў, нумары для ганаровых гасцей. Для памяншэння плошчы аб'екта службовы паркінг на 35 машына-месцаў арганізаваны ў падземным паверсе.

Згодна з АУНА варыянт размяшчэння комплексу менавіта ў гэтай частцы горада прыняты як аптымальны «з улікам выкарыстання сумежнага ўчастка тэрыторыі для размяшчэння адміністрацыі Мінскай епархіі БПЦ, які гістарычна склаўся, адсутнасці неабходнасці ў дадатковых адводах зямлі, выгоды пад'езду, поўнага інжынернага забеспячэння пляцоўкі: блізкасць магістральнага газаправода, наяўнасць сеткі вадаправода, каналізацыі, электразабеспячэння».

Прычынамі выбару гэтага ўчастка таксама тлумачаць мінімальныя адлегласці перасоўванняў супрацоўнікаў аб'екта і матэрыяльных патокаў паміж будынкамі, зручнае транспартнае размяшчэнне, блізкасць метрапалітэна, наяўнасць парковачных месцаў для гасцявога аўтатранспарту па вул. Шпалернай, Ракаўскай, Вызвалення, зручнае размяшчэнне адносна месцаў канцэнтрацыі і прыбыцця рабочай сілы на аб'ект, наяўнасць усіх неабходных інжынерных сетак, наяўнасць 17-20-метровага разрыву да жылой забудовы, які забяспечвае дадатковае зніжэнне гукавога ўздзеяння.

Іншыя варыянты размяшчэння комплексу, на думку праекціроўшчыкаў, патрабуюць адвядзення дадатковых свабодных зямель на тэрыторыі Мінска, прыводзяць да павелічэння транспартных і камунікацыйных выдаткаў у перыяд эксплуатацыі, што, адпаведна, цягне за сабой зніжэнне эфектыўнасці інвестыцый у будаўніцтва і павелічэнне тэрміну акупнасці іх укладанняў. Варыянт адмовы ад планаванага будаўніцтва таксама не разглядаўся.

Каб пабудаваць комплекс, знясуць два будынкі канца XIX стагоддзя

Пад плямай планаванай забудовы знаходзяцца два будынкі канца XIX стагоддзя: № 6 і 6а па вул. Вызвалення.

Абодва будынкі знаходзяцца ў перадаварыйным стане і вызначаны пад знос, з захаваннем часткі арыгінальных канструкцый. На месцы ўзвядзення будынка № 1 па праекце знаходзіцца будынак былога ваенкамата і пабудовы яго гаспадарчай часткі. Усе будынкі і збудаванні на гэтай пляме забудовы таксама вызначаныя пад знос.

Чытайце таксама: Мітрапаліт Павел просіць у віцэ-прэм'ера Качанавай дазвол на знішчэнне гістарычных дамкоў у цэнтры Мінска

Праекціроўшчыкі лічаць, што арганізацыя прасторы на ўчастку існуючых будынкаў № 6 і 6а па вул. Вызвалення і знос будынка былога ваенкамата палепшаць эстэтычнае ўспрыманне гэтай часткі горада, павысяць яго турыстычную прывабнасць, ліквідуюць хаатычную існуючую старую забудову і невыкарыстоўваныя гаспадарчыя пабудовы.

З сацыяльна-эканамічнага пункту гледжання рэалізацыя праекта «акажа станоўчы ўплыў на эканоміку Мінска і Цэнтральнага раёна. У прыватнасці, будзе створана 40 пастаянных працоўных месцаў са стабільнай заработнай платай, насельніцтва атрымае дадатковыя магчымасці азнаямлення з інфармацыяй па рэлігійнай тэматыцы, з'явіцца дадатковая крыніца паступлення сродкаў у мясцовы бюджэт ад выплаты падаткаў пры рэалізацыі прадукцыі ў краме».

Зрабілі ў справаздачы і прыблізную ацэнку эканамічнага эфекту. Напрыклад, за продаж тавараў у краме царкоўных прыналежнасцяў валавая выручка аб'екта складзе да 5000 беларускіх рублёў у год. А за кошт стварэння дадатковых пастаянных працоўных месцаў з узроўнем заработнай платы 180-200 даляраў у месяц сума гадавых паступленняў у бюджэт ад выплаты падаходнага падатку, як падлічыла царква, складзе 22 200 — 22 400 беларускіх рублёў у год.

У працэсе будаўніцтва, як і ўсюды, прадугледжаная высечка: 56 лісцяных дрэў (43 лісцяных дэкаратыўных і 13 пладовых) і 34 кусты. Улічваючы неабходнасць захавання ў гарадской забудове аб'ектаў расліннага свету, праектам прапанавана захаваць 49 дрэў і 131 куст і перасадзіць 17 дрэў і 39 кустоў. Кампенсацыйныя пасадкі таксама правядуць: пасадзяць 82 маруднарослыя лісцевыя дрэвы і 76 кустоў.

Агульная інтэнсіўнасць ўздзеяння аб'екта на атмасфернае паветра ацэньваецца як «нязначная». Негатыўнага ўздзеяння на аб'екты жывёльнага свету пры рэалізацыі праекта і ў працэсе эксплуатацыі адміністрацыйнага комплексу не чакаецца.

Чытайце таксама: Мінкульт устаў на абарону гістарычных будынкаў у Мінску, якія хоча знесці БПЦ

Грамадскае абмеркаванне справаздачы працягнецца па 28 снежня. Азнаёміцца з ім можна ў кабінеце № 402 адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Усе свае заўвагі і прапановы ў пісьмовай форме па выстаўленым на грамадскае абмеркаванне аб'екту да 28 снежня можна накіроўваць у адміністрацыю Цэнтральнага раёна з паметкай «грамадскае абмеркаванне» (паштовы адрас: 220 004, г. Мінск, вул. Мельнікайтэ, 6; электронны адрас: cen. [email protected]).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?