15 снежня прайшоў фінал восьмага рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў, на якім падтрымку атрымалі 15 фіналістаў са 160 праектаў. Пяць з іх на суму звыш за 20 тыс. рублёў падтрымаў асабіста Юрый Мельнічак, заснавальнік папулярнага сэрвісу MAPS.ME і IT-кампаніі ў сферы штучнага інтэлекту.

Удзельнікі і пераможцы

У верасні 2016 года ішоў прыём заявак на восьмы конкурс Social Weekend. З усёй Беларусі паступіла 160 заявак, з якіх у чвэрцьфінал і на двухмесячны трэк навучання патрапілі толькі 40 праектаў. 24 з іх прадставілі свае ідэі і першыя дасягненні на суд журы паўфіналу конкурсу, у якім былі кіраўнікі аддзелаў маркетынгу і піяру вядомых кампаній і прадстаўнікі СМІ.

На фінальным мерапрыемстве 15 снежня 2016 года 15 найбольш абгрунтаваных праектаў атрымалі матэрыяльную падтрымку на рэалізацыю ад мецэнатаў на суму больш за 40 тыс. рублёў.

Юрый Мельнічак

Юрый Мельнічак

Палова гэтай сумы паступіць ад Юрыя Мельнічака пяці фіналістам, у іх ліку тыя, што заваявалі Гран-пры конкурсу (праект «ТатаЗала») і Прыз глядацкіх сімпатый («Бабулін часнык»).

Яшчэ тры праекты — гэта «Чахлы для неданошаных дзетак», якія будуць у рэанімацыі радзільняў па ўсёй Беларусi; «Даступны пляж» у Зэльве, дзе кожны шосты — маламабільны чалавек; EdCamp — неканферэнцыя для настаўнікаў па абмене перадавым вопытам і сучаснымі практыкамі.

Праект «ТатаЗала» зарадзіўся ў Гомелі і прыцягвае тат ў спартзалы школ для бясплатнага сумеснага правядзення часу з дзецьмі. Мамы ў гэты час могуць адпачыць. За час навучання адкрылася яшчэ некалькі зал у розных гарадах Беларусі і нават у Разані.

Аўтары «Бабулінага часныку» задумаліся пра тое, як можна дапамагчы пенсіянерам легальна і камфортна прадаваць сваю прадукцыю, а жадаючым спажываць натуральныя прадукты — хутка, зручна і бяспечна рабіць пакупкі, падтрымліваючы пры гэтым пажылых людзей.

Сотні апытаных людзей выказалі зацікаўленасць у набыцці вырабленых пенсіянерамі прадуктаў праз інтэрнэт-краму. Сярод журы зарадзілася дыскусія пра магчымасць легалізацыі продажу такой прадукцыі ў нашай краіне і бяспеку спажывання прадукцыі, але аўтары з ходу давалі ўжо правераныя на практыцы адказы.

Дапамога мецэнатаў

Юрый Зісер, заснавальнік TUT.BY, акажа дапамогу Музею айчыннай вылічальнай тэхнікі з унікальнымі экспанатамі.

Леанід Лознер, сузаснавальнік EPAM Systems, дасць шанец хуткага развіцця IT-Школе для дзяцей, якія слаба чуюць, з мэтай іх навучання сучасным IT-спецыяльнасцям, што змяніць лад жыцця такіх людзей у лепшы бок.

Аляксей Шчурко, заснавальнік Gurtam, пасадзейнічае з'яўленню унікальнага кантэнту ў праекце «Навука дзецям» з Гомеля, які робіць відовішчныя і якасныя відэаролікі для настаўнікаў і вучняў па школьнай праграме.

Аляксандр Кныровіч і Міхаіл Чупрынскі дапамогуць з'явіцца ў нашых гарадах прыгожым модульным недарагім канструкцыям. Гэта будуць і забаўляльныя пляцоўкі, і нават агароды ў дварах, і сады на дахах.

Віталь Дзенісенкаў, Студыя Баравога, падтрымае праект па этнаграфіі Беларусі, які збірае разрозненыя гістарычныя дадзеныя, а таксама процідзейнічае адвольнай, іншы раз у корані няслушнай, трактоўцы сімвалаў традыцыйнай культуры.

Аўкцыён дабрачынных спатканняў «Мае сэнс» падтрымае праект KrokApp.

Вольга Рачко, ментар праекта «Мой бізнэс» прыняла рашэнне дапамагчы праекту #ЭтоНашиДети стаць устойлівым і доўгатэрміновым, каб дзеці з дзіцячых інтэрнатаў мелі магчымасць пазнаваць свет за межамі сваёй установы.

Даніэль Крутцына, яшчэ адзін ментар тэлешоў «Мой бізнэс», дапаможа прыцягнуць інвестыцыі мабільнаму дадатку Joiny.

Дзявяты Social Weekend

Прыём заявак на новы, дзявяты Social Weekend, пачнецца на афіцыйным сайце ўжо праз месяц, з 16 студзеня 2017 года. Удзельнічаць у конкурсе можа кожны, хто «гарыць» карыснай для грамадства ідэяй.

У лютым арганізатарамі запланаваны чарговы хакатон сацыяльных праектаў, бо папярэдні стаў адным з найбуйнейшых у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?