Больш за сто тысяч чалавек сабраліся 1 студзеня ў Хельсінкі на канцэрт, каб адзначыць пачатак урачыстасцей з нагоды 100-годдзя незалежнасці Фінляндыі. Людзей віталі прэм'ер-міністр краіны Юха Сіпіля, каля трохсот артыстаў, а ў завяршэнне над залівам Тоёлёнлахці прагрымеў салют.
Святочныя мерапрыемствы завершацца 6 снежня, у дзень, калі фінскі парламент у 1917 годзе абвясціў незалежнасць.
У адрозненне ад краін Балтыі, у 1940 Фінляндыя вырашыла супраціўляцца Савецкаму Саюзу, калі той дзяліў з Гітлерам Усходнюю Еўропу. Краіна вынесла дзве цяжкія вайны, страціла частку тэрыторыі (Карэлію), але захавала незалежнасць. Дзякуючы гэтаму за наступныя дзесяцігоддзі ў сваім развіцці яна на парадак абагнала сваіх акупаваных суседзяў з Эстоніі і Латвіі.
Беларусь абвясціла сваю незалежнасць на год пазней за Фінляндыю, 25 сакавіка 1918-га, але не здолела ўтрымаць, бо не паспела ўтварыць уласнае войска.
Варта адзначыць, што афіцыйныя ўлады Беларусі практычна абмінулі ўвагай 25-годдзе абвяшчэння незалежнасці ад СССР, якое адбылося ў 1991 годзе.