Сёння, 6 студзеня, у гатэлі «Камфорт» пройдзе вечарына, прысвечаная 125-годдзю Адама Станкевіча.

6 студзеня спаўняецца 125 гадоў (6.01.1892) лідару беларускага руху 1920-40 гадоў, аднаму з заснавальнікаў беларускамоўнага касцёла і Таварыства беларускай школы, кіраўніку Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, закатаванаму ў ГУЛАГу Адаму Станкевічу.

Адам Станкевіч — святар, лідар беларускага руху 1920-30-ых гадоў, пісьменнік і рэдактар, навуковец і ідэолаг, кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў эпоху яе росквіту.

Нарадзіўся будучы правадыр хадэцыі 6 студзеня 1892 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Арляняты, што на тагачаснай Ашмяншчыне (сёння — Смаргонскі раён Гарадзеншчыны), у сям’і беларускіх сялянаў-каталікоў. Адсюль жа, з Арлянятаў, паходзяць знакаміты філолаг, перакладчык Бібліі на беларускую мову Янка Станкевіч і літаратуразнаўца, першы кіраўнік Антыбальшавіцкага блоку народаў Станіслаў Станкевіч.

Дзякуючы здольнасцям Адама і ягонай цікавасці да навукі, бацькі падтрымлівалі навучанне сына спярша ў царкоўна-прыходскай школе ў Барунах, потым у Гальшанскай народнай школе, а далей у гарадской вучэльні ў Ашмянах.

У 1910-м Адам паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў на выдатна ў 1914-м і быў высвечаны на ксяндза. Першая ягоная імша (прыміцыя) адбылася ў старажытным Крэве ў 1915-м.

Паступаючы ў 1916-м Пецярбургскую духоўную акадэмію як адзін з найлепшых віленскіх студэнтаў, Адам ужо меў выразную беларускую свядомасць — і гэта адразу дало магчымасць яму стаць адным з завадатараў святарскай супольнасці, з якой узнікла Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Акадэмію Адам Станкевіч скончыў са ступенню кандыдата кананічнага права і рыхтаваў магістэрскую дысертацыю «Вучэнне Святога Тамаша Аквінскага пра сям’ю ў параўнанні з сучаснай тэорыяй вольнага саюза».

Па вяртанні Станкевіч адразу акунуўся ў вір працы на Радзіме, дзе толькі адгрымела вайна. Ужо ў 1918-м ён выступае перад сялянамі Дзісеншчыны па-беларуску — і слухаць яго збіраюцца натоўпы.

У 1919-м ксяндза Адама Станкевіча прызначаюць у Вільню, і з гэтага часу ён становіцца на чале Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, а пазней — і ўсяго беларускага руху. Ксёндз Адам узяў на сябе рэдагаванне «Крыніцы» і вёў рэй на першых сустрэчах хадэкаў. У 1924-м узначаліў Таварыства беларускай школы, а ў 1926-м — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.

У лістападзе 1922 года Адам Станкевіч быў абраны дэпутатам Сойма — першага пасляваеннага парламента — ад Дзісны, Свянцян, Браслава і Пастаў. У якасці дэпутата да 1926 года ксёндз Адам заняў пасаду намесніка кіраўніка беларускай фракцыі і шматкроць выступаў у абарону правоў беларусаў з трыбуны Сойма. Ладзіў шматлюдныя мітынгі на сваёй акрузе і за яе межамі — у Гродне, Нясвіжы, Даўгінаве, Жодзішках - і здабыў усеагульную павагу беларускага грамадства ды нават ворагаў.

За беларускую пазіцыю ўлады Польшчы яго арыштоўвалі, канфіскоўвалі наклады «Крыніцы», супраць яго пачыналі крымінальныя справы; урэшце ў 1929 годзе віленскі арцыбіскуп Рамуальд Яблжыкоўскі забараніў ксяндзу удзел у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, і Станкевічу давялося весці сваю працу непублічна. У 1938 годзе ксяндза Адама увогуле саслалі на 5 гадоў у Слонім — і толькі з пачаткам вайны ён здолеў вярнуцца ў Вільню.

Пра глыбокую хрысціянскую веру Адама Станкевіча сведчыць адзін малавядомы факт. У 1941-м, калі немцы захапілі Літву, ксёндз Адам хаваў у касцёле шасцёх савецкіх грамадзянаў, у тым ліку бальшавіцкага камісара — усім ім пагражаў расстрэл. Праз восем гадоў камуністы арыштуюць Адама Станкевіча.

У 1944 годзе, заняўшы Вільню, саветы выклікаюць ксяндза, які ўсю вайну служыў у касцёле і займаўся беларускай школай — і спрабуюць схіліць яго да супрацы: узначаліць асобны ад Ватыкана каталіцкі рух. Станкевіч адмовіўся. Тады, у 1949-м яго арыштоўваюць — і з прысудам 25 гадоў выпраўляюць у Сібір.

Дарогаю ксёндз Адам моцна захварэў — і памёр па прыбыцці ў лагер.

Далей піша Віктар Сікора, якому давялося хаваць ксяндза Станкевіча: «У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыццё. Баяліся, каб хтосьці жывы не ўцёк пад выглядам мёртвага. «Працаваў» там адмысловы «мяснік», які проста рваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваннях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. З дзяжуркі выходзіць «мясьнік» з «кішнёй», што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б'е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў…» («Апошні шлях Адама Станкевіча // «Наша Ніва» № 34(155), 13-19 снежн. 1999).

Гісторыя страшная: быццам сам д’ябал шалеў у ярасці над целам непахіснага ксяндзa.

Як святар, Адам Станкевіч заўжды заставаўся добрым пастырам — і вёў, ахоўваў, абараняў, ратаваў сваю парафію і свой народ. Ягоныя глыбокія казані складаюць цэлую кнігу беларускага хрысціянства. Ягонае даследаванне «Родная мова ў святынях» дагэтуль — фундаментальная праца для навукоўцаў і святароў. 

Як літаратар, ксёндз Адам пакінуў па сабе вялікую спадчыну кніг, прысвечаных сарцавінным асобам беларускага руху — Скарыну, Вітаўту, Каліноўскаму, Эпімах-Шыпілу, і галоўным тэмам — мове, гісторыі, хрысціянству.

Як падлічыў Уладзімір Конан, Адам Станкевіч — аўтар дзевятнаццаці кніг і брашур, каля 1000 артыкулаў, нататак у штотыднёвіку «Крыніца», часопісе «Хрысціянская думка» і іншых выданнях. Сярод іх — «Родная мова ў святынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1939), «Беларускі хрысціянскі рух» (1939), «Хрысціянства і беларускі народ: спроба сінтэзы» (1940), брашуры «Доктар Францішак Скарына першы друкар беларускі: 1525—1925» (1925), «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Беларуская мова ў школах Беларусі ХVІ і ХVІІ стст.» (1928), «Франціш Багушэвіч. Яго жыццё і творчасць» (1930), «Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: з яго жыцьця і працы» (1934), «Магнушэўскі. Паўлюк Багрым. Баброўскі» (1937), «Казімер Сваяк. Нарысы аб яго ідэологіі» (1931), «З жыцця і дзейнасці Казімера Сваяка» (1936), «Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня» (1938), «На свята маткі» (1940).

БХД пачала збор подпісаў за перайменаванне праспекта Дзяржынскага ў Мінску ў праспект Адама Станкевіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0