Божа, чаму ты пакінуў мяне?

Хто калісьці мог бы падумаць, што серыял можа стаць адной з галоўных культурных падзеяй года. «Маладому папу» гэта ўдалося. Створаны італьянскім рэжысёрам Паола Сарэнціна дзесяцісерыйны фільм быў з захапленнем прыняты як кінакрытыкамі, так і гледачамі. Калі першыя адзначылі высокі мастацкі ўзровень рэжысуры, працу аператарскай і сцэнарнай групаў, публіка атрымала пікантную тэму з Джудам Лоу ў галоўнай ролі.

Пра што серыял?

47-гадовы амерыканскі святар Лені Беларда нечакана для ўсіх узначальвае Святы Пасад і, замест таго, каб быць кампраміснай фігурай, на што разлічвалі кардыналы падчас канклаву, становіцца Папам, які дзеля аднаўлення ў людзях веры гатовы перакуліць увесь інстытут царквы. Ён курыць, парушае тайну споведзі, нязгодных адпраўляе ў ссылку на Аляску, а сваім першым з'яўленнем перад паствай шакуе мацней за выбух атамнай бомбы.

Абіраючы сабе імя Пія ХІІІ, Беларда быццам паказвае, што з яго прыходам Царкву чакаюць цяжкія выпрабаванні. Папярэдні Пій, ХІІ-ы, быў у добрых адносінах з Мусаліні, і дакладна не з'яўляецца ўзорам для сучаснага чалавека.

Новы Папа адмыслова правакуе, дэманструе, што царква ўжо не такая лагодная, як раней. Будзе шок, гледачы пабачаць знутры жыццё Ватыкана з яго інтрыгамі і страсцям. Усё дзеля таго, каб у фінале адчуць у Пію ХІІІ пасланага ім святога.

Толькі «Малады папа» зусім пра іншае. Вышэй сказанае не больш чым прынада, што наўмысна прыцягвае ўвагу да Ватыкана, каб потым наблізіцца да таго, што з фільма ў фільм хвалюе рэжысёра, якога называюць нашчадкам Феліні.

Фармат серыяла не павінен засмучаць, ужо даўно ў тэлевізійнай індустрыі працуюць найлепшыя кінакадры. Сарэнціна — менавіта з іх ліку, узнагарджаны «Оскарам», «Канскімі львамі», перамогамі ў намінацыі «найлепшае еўрапейскае кіно».

Рэжысёр атрымаў поўны карт-бланш на выбар тэмы і акцёраў. У выніку 46-гадовы італьянец здымае сапраўднае аўтарскае кіно, дзе слова «аўтар» праступае ў кожным кадры буйнымі мазкамі мастака. Памятаеце, колькі год пантыфіку? А Сарэнціна?

Уся творчасць італьянца пранізана ўвагай да дэталяў.

Як зламаная запальнічка з выявай Венецыі ёсць нічым іншым, як сімвалам трагічнага моманту ў жыцці Папы, так і супадзенне ўзростаў, сумнеўна, што выпадковае. У гэтым няма ганарлівасці: каб зразумець Папу, Сарэнціна экстрапалюе яго вобраз на сябе.

«Малады папа» — аўтарскае кіно з фірмовым статычным кадрам, калі камера не носіцца ў пошуках малых і буйных планаў, а знаходзіць адзінае магчымае ідэальнае месца. Серыял хочацца спыняць па секундах, смакаваць кампазіцыю, дасканаласць апрацоўкі пярэдніх і задніх планаў — такая павага да кадра бывае ў рэжысёраў, што прыйшлі ў кінематограф з фатаграфіі. Не абышлося і без знакамітай сарэнцінаўскай гульні святла і ценяў у дэманстрацыі садоў і паркаў. Стыль, апрабаваны ў «Вялікай прыгажосці», цалкам слушны і для садоў і галерэй Ватыкана. У гледача можа ўзнікнуць адчуванне, што фільмы пераклікаюцца сонечным святлом ды персанажамі. Яшчэ хвіліна — і пеліканы з «Прыгажосці» пералятуць Тыбр, каб замяніць піжона страуса з «Маладога папы», бо той спяшаецца да Джэпа Габардэла на паці. Апельсін з рук Пія ХІІІ пяройдзе да напаўсляпой сястры Марыі, і абавязкова пачнецца дождж — па дыяганалі з фільма ў фільм будуць падаць кроплі.

Эстэтычна «смачнае» кіно захапляе сваёй кінематаграфічнай мовай. Запаволены рытм расповеду з пазачасавым успрыманнем Ватыканам сучаснасці, дзе ў Папы ёсць вечнасць, чаго не скажаш пра іншых.

Інтрыга не размазваецца па серыях, а сам сюжэт не надта насычаны падзеямі: увесь цымус у сэнсавых кропках, з ледзьве заўважнымі завязкай, кульмінацыяй, развязкай.

Ніякай зацягнутасці, наўмысна створаныя паўзы быццам заклікаюць гледача да сумеснай развагі. Пад адмысловы саўндтрэк, Coca Cola ў слупах дыму, гучаць іранічныя і вытанчаныя размовы на самыя вострыя тэмы. Якім мусіць быць стаўленне Ватыкана да абортаў, гомасэксуалізму, цэлібату і злачынстваў у самой царкве? У пошуках адказаў Сарэнціна ўдаецца прайсці па самай мяжы, не зваліцца ў пафас маралізатарства, не зрабіць чарговую карыкатурную «Догму».

«Малады папа» — гэта не толькі персанаж Джуда Лоу, складаныя і супярэчлівыя ролі Даяны Кітан і Сільвіа Арланда. Знаёмая гледачам па камедыйных фільмах, Кітан у ролі сястры Мэры паказвае найлепшыя акцёрскія здольнасці драматычнага плану. Арланда ж дастаецца персанаж галоўнага ватыканскага інтрыгана і сібарыта, уплывовага кардынала, які днём кіруе гаспадаркай Ватыкана, а ўвечары клапоціцца аб хворым хлопчыку. Персанажы ў фільме не чорна-белыя, яны жывыя і часам гратэскныя, як той жа Ваёла, якога рэжысёр надзяліў палкасцю роднага Неапаля, дзе любоў да футболу сувымерная рэлігіі.

Хаця глядач не мусіць ведаць біяграфію рэжысёра, ён глядзіць кіно. Сарэнціна разумее правілы гульні, таму ён наслойвае тэмы адну на адну, каб урэшце выказацца па галоўнае тэме, і тэма гэта зусім не страта веры.

Веру не вымераць колькасцю наведнікаў царквы. Проста людзі па-іншаму сталі выказваць сваю веру, часта мінаючы царкву, але сутнасць засталася. Змяніўся час, змяніліся камунікацыі, толькі чалавек, як быў бездапаможным, такім і застаўся.

«Малады папа» — кіно пра адзіноту. Так кажа сам Сарэнціна, гэта адчуваецца ва ўсёй яго творчасці. Пачынаючы з «Лішняга чалавека», з фільма ў фільм змяняюцца дэкарацыі, з'яўляюцца новыя тэхнічныя магчымасці, а тэма адзіноты не сыходзіць, а наадварот, з кожным разам гучыць усё мацней. Былы футбаліст не становіцца трэнерам, бухгалтар засеў у альпійскім атэлі, рок-зорка не жадае спяваць, пісьменнік — пісаць, кампазітар — чуць музыку — адзінота на ўсіх узроўнях аж да самога Папы Рымскага.

Кінуты бацькамі ў малым узросце, Пій самотны ў сваёй святасці. Ён забараняе называць сябе Лені, бо адчувае сябе іншым: незразумелым для свах блізкіх, амаль ворагам для астатніх. Пасля першай пропаведзі пустэча вакол яго бязмежная, значна большая за плошчу святога Пятра, дзе яго застаецца слухаць толькі адзін чалавек — Эстэр, жанчына адзінокая праз сваю немагчымасць мець дзяцей. Папа шмат моліцца, яго бяруць сумневы, высокі чын не змяніў яго, ён па-ранейшаму сірата, што шукае сваіх бацькоў. Гэта парадокс і адначасова выклік: ці стане сірата бацькам усіх каталікоў і ці патрэбна гэта ім увогуле?

Сарэнціна не дае адказаў ні пра слушнасць веры, ні пра тое, як пазбавіцца адзіноты. Яго Папа крочыць да Бога праз любоў і самаахвяраванне, слушнасць гэтага прапануецца вызначыць кожнаму самастойна. На апошніх кадрах камера заносіцца ў космас — і мы бачым адзінокую планету ў бязмежнай пустэчы.

«Малады папа» — тужлівае прыгожае кіно, дзе манашкі гуляюць у футбол, дзе цяжкі змест і незвычайная лёгкасць крочаць побач. У «451 па Фарэнгейце» Рэя Брэдберы Хрыстос ператвараецца ў аднаго з тэлевізійных «сваякоў». Я вельмі не хацеў бы працягу «Маладога папы». Пытанне тут не ў майстэрстве Сарэнціна, а ў спакусах мэйнстрыму і цвёрдай руцэ рынку. Найлепшым працягам «Маладога папы» была б адсутнасць другой часткі. Пабачым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?