Былы прэм'ер-міністр Беларусі, а цяпер сябра Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі асудзіў дзеянні Рассельгаснагляду ў дачыненні да беларускіх прадуктаў харчавання. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ЕЭК.

Сяргей Сідорскі і Сяргей Данкверт. Фота: eurasiancommission.org

Сяргей Сідорскі і Сяргей Данкверт. Фота: eurasiancommission.org

ЕЭК у рамках сваіх паўнамоцтваў прыняла асноўныя неабходныя дакументы па пытаннях ветэрынарна-санітарнага кантролю прадукцыі жывёльнага паходжання згодна з Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС).

Сістэмы ветэрынарна-санітарнага кантролю Арменіі, Беларусі, Казахстана і Расіі прызнаныя эквівалентнымі адна адной, лічаць у ЕЭК. Усе дзеянні ўпаўнаважаных органаў бакоў у галіне ветэрынарнага кантролю (нагляду) рэгламентаваныя рашэннем Камісіі Мытнага саюза ад 18 чэрвеня 2010 г. № 317, зыходзячы з якога ветэрынарны кантроль і нагляд у частцы гатовай жывёлагадоўчай прадукцыі ажыццяўляецца толькі ў дачыненні да эпізаатычнага паказчыка.

Раней Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе РФ (Рассельгаснагляд) абмежавала пастаўкі ў Расію прадукцыі жывёльнага паходжання прадпрыемстваў Беларусі. Ведамства лічыць, што прадукцыя, вырабленая ў краіне, не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.

Па словах сябра Калегіі (міністра) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Сяргея Сідорскага, выяўленне парушэнняў, не звязаных з ветэрынарнымі рызыкамі, не павінна з'яўляцца падставай для ўвядзення ветэрынарных мер па абмежаванні паставак прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.

Па выніках рабочай сустрэчы з удзелам супрацоўнікаў профільных дэпартаментаў ЕЭК па ўрэгуляванні пытанняў паставак беларускай прадукцыі на рынак РФ, якія былі зафіксаваныя ў пратаколе ад 19-21 снежня 2016 года, прадстаўнікі Рассельгаснагляду, Мінсельгаса Расіі і Мінсельгасхарча Беларусі дамовіліся аб мерах па вырашэнні сітуацыі ў трохдзённы тэрмін, якія былі зафіксаваныя ў пратаколе, гаворыцца ў паведамленні.

У рамках дамоўленасцяў беларускі бок прадставіў Рассельгаснагляду і Еўразійскай эканамічнай камісіі неабходныя матэрыялы расследаванняў пазначаных недахопаў, а таксама справаздачы аб прынятых мерах па іх ліквідацыі: акты расследавання, вынікі адбору пробаў, пратаколы лабараторных выпрабаванняў, фота і іншыя матэрыялы, а таксама справаздачы аб прынятых мерах па іх ліквідацыі.

«Лічу, што дакументы ў поўнай меры адказваюць на пастаўленыя пытанні, аднак практычных крокаў з боку Рассельгаснагляду па зняцці абмежаванняў не прымаецца, — заявіў Сяргей Сідорскі. — У сувязі з адсутнасцю ў ЕЭК механізмаў уплыву на нацыянальныя органы дзяржаўнай улады Рэспубліка Беларусь мае права звярнуцца ў Суд Еўразійскага эканамічнага саюза для канчатковага вырашэння дадзенага пытання».

Нагадаем, кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт абвінаваціў Беларусь у тым, што краіна актыўна карыстаецца сітуацыяй, калі расійскі рынак зачынілі для паставак з ЕС, Украіны, і вядзе сябе пры гэтым нядобрасумленна. Агучаныя ім прэтэнзіі тычыліся не толькі рээкспарту санкцыйнай прадукцыі, але і якасці беларускага малака.

У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў кіраўніка расійскага ведамства і папракнуў урад у тым, што яно захоўвае маўчанне ў адказ на несправядлівыя абвінавачванні. У палеміку паспяшаліся ўступіць беларускія чыноўнікі і прэса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?