Вартаўніка Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа прыцягнулі да адказнасці за пагрозу забойствам вучню, паведаміў БелТА старшы памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Аляксандр Жук.
Інцыдэнт адбыўся ў кастрычніку мінулага года. Вечарам выхаднога дня 16-гадовы падлетак прыйшоў у каледж пазаймацца на музычным інструменце. Згодна з рашэннем адміністрацыі, у суботу і нядзелю навучэнцы могуць займацца да 20.00. Аднак вартаўнік настойваў, што хлопец павінен пакінуць будынак на гадзіну раней. З-за гэтага паміж імі ўзнікла спрэчка.
Пенсіянер схапіў юнака за шыю, прыставіў да спіны нож і стаў пагражаць забойствам. Пасля гэтай сутычкі ў непаўналетняга засталіся сінякі на шыі і невялікая колатая рана на спіне. Даведаўшыся пра інцыдэнт, маці вучня падала заяву ў міліцыю. Была праведзена праверка.
У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа па арт.186 (пагроза забойствам) Крымінальнага кодэкса. Суд Баранавіцкага раёна прызнаў пенсіянера вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1150 рублёў). Прысуд уступіў у законную сілу.





