Чарговы, трэці па ліку, раўнд перамоў з Літвой аб бяспецы Беларускай АЭС запланаваны на першы квартал гэтага года, паведаміла 12 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, чыноўніца адзначыла, што адначасова ідуць два перагаворныя працэсы з Літвой з нагоды Беларускай АЭС. Першы звязаны з абмеркаваннем праблемных пытанняў будаўніцтва, другі — з абмеркаваннем праекта беларуска-літоўскага пагаднення згодна з Канвенцыяй Эспаа ў частцы ацэнкі ўздзеяння станцыі на навакольнае асяроддзе ў трансмежавым кантэксце пасля ўвядзення АЭС у эксплуатацыю.

«Што да другога, то ў нас прайшлі два раунды, і трэцяя сустрэча была запланаваная на студзень 2017 года (раней паведамлялася пра канец кастрычніка 2016 года). Што да першага, то таксама прайшлі два раўнды перамоў, трэці мы запланавалі на першы квартал 2017 года. Я не выключаю, што гэтыя два працэсы аб'яднаюцца ў адзін, — сказала Малкіна. — Абмяркоўваецца пляцоўка для перамоў — горад Вільнюс. Мы сустракаемся на прынцыпах ратацыі».

Першы намеснік міністра паведаміла, што ў пачатку студзеня 2017 года Мінск накіраваў ліст пра гатоўнасць «прыняць найбольш зручную для Літвы дату, каб сустрэцца для абмеркавання пытанняў, што знаходзяцца ў зоне павышанай увагі».

Кажучы пра экалагічны аспект працы Беларускай АЭС, Малкіна адзначыла: «Неаднаразова гучала ў СМІ, і пра гэта не раз гаварыла і я. Разумеючы, што такое пытанне важнае дзяржорганам для прыняцця нейкіх рашэнняў, у 2015 годзе ў межах экспертаў Еўрапейскай эканамічнай камісіі прасілі зрабіць дадатковую ацэнку наступстваў уводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС. Эксперты зрабілі адназначную выснову: увядзенне атамнай станцыі скароціць выкід да 10 млн тон парніковых газаў штогод. Сёння ў Беларусі такія выкіды складаюць 91-92 млн тон штогод. Гэта значыць прыблізна адна дзясятая будзе скарачэнне».

«У прынцыпе мы не кажам, што Беларуская АЭС з пункта гледжання глабальнага ўздзеяння на клімат — гэта дрэнна і горш, чым аднаўляныя крыніцы энергіі. Мы імкнемся развіваць розныя напрамкі», — адзначыла Малкіна.

На другім раўндзе двухбаковых кансультацый у Вільнюсе ў верасні 2016 года беларускія і літоўскія эксперты не змаглі пераадолець рознагалоссі па БелАЭС. Былі ўзнятыя пытанні, звязаныя з інцыдэнтамі на будаўніцтве станцыі, правядзеннем стрэс-тэстаў і SEED-місіі ў Беларусі, а таксама тэхнічныя пытанні праекта Беларускай АЭС і магчымых рызык забруджвання ракі Нярыс (Вілія) і падземных вод Вільні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?