Беларусь не выключае магчымасць продажу квот на выкід парніковых газаў, паведаміла 12 студзеня журналістам у Мінску першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна.

«Будзем мы гандляваць квотамі? Гэтае пытанне ляжыць не зусім у той плоскасці развіцця нізкавугляроднага рынку ў межах Парыжскага пагаднення па клімаце. Ім прадугледжваецца зніжэнне выкідаў парніковых газаў», — адзначыла Малкіна на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў прэс-цэнтры агенцтва БелТА.

Яна растлумачыла, што гандаль квотамі быў вызначаны раней прынятым дакументам — Кіёцкім пратаколам. «Паміж Парыжскім і Кіёцкім дагаворамі ёсць прынцыповае адрозненне. Парыжскае прамых норм і пасылаў для гандлю не ўтрымлівае. Шэраг дакументаў у развіццё Парыжскага пагаднення, якія прадугледжваюць арганізацыйныя моманты і абавязацельствы бакоў, пакуль знаходзяцца ў працы», — паведаміла першы намеснік міністра.

На яе думку, прынцып гандлю квотамі будзе мінімізаваны паміж рознымі дзяржавамі і прадпрыемствамі, што было развіта ў краінах, якія паспяхова рэалізавалі Кіёцкі пратакол.

«Але гэта не значыць, што калі такія механізмы будуць магчымыя да рэалізацыі, то ў Беларусі не будзе шанцаў паўдзельнічаць у гэтым працэсе. І сёння падрыхтоўчая праца вядзецца. Мы распрацоўваем нацыянальны план па рэалізацыі ўзятых Беларуссю абавязацельстваў па Парыжскім пагадненні, прапрацоўваем доўгатэрміновыя перспектывы па павышэнні амбіцыйнасці сваіх планаў. Пакуль абавязацельствы, якія абвясціла Беларусь, стасуюцца з тым, што мы сёння маем», — адзначыла Малкіна.

Яна спадзяецца, што з дапамогай у тым ліку механізмаў, закладзеных у праграме дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі Беларусі, будуць стымулявацца нацыянальныя вытворцы да выбару зялёных тэхналогій. «Гэта дасць магчымасць павысіць амбіцыйнасць абавязацельстваў, узятых у межах Парыжскага пагаднення», — лічыць чыноўнік.

Парыжскае пагадненне — пагадненне ў межах Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату (1992), якое рэгулюе меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы з 2020 года. Пагадненне было падрыхтаванае на замену Кіёцкаму пратаколу падчас канферэнцыі па клімаце ў Парыжы і прынятае кансенсусам 12 снежня 2015 года, а падпісанае — 22 красавіка 2016 года.

Кіёцкі пратакол — міжнароднае пагадненне, дадатковы дакумент да Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату, прыняты ў Кіёта (Японія) у снежні 1997 года. Пратакол абавязвае развітыя краіны і краіны з пераходнай эканомікай скараціць або стабілізаваць выкіды парніковых газаў і прадугледжваў гандаль квотамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?