У пачатку лютага стартуе першы міжнародны кінапраект пад лэйблам «Зроблена ў Беларусі», паведамілі 13 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску члены здымачнай групы. Над стварэннем фільма працуюць кінематаграфісты з Беларусі, Італіі, Лівана, Расіі і Сірыі.

Карціну «Невядомы салдат», якая будзе знятая па аднайменнай кнізе італьянскага пісьменніка і журналіста Джыані Перэлі, плануюць прадставіць ужо восенню на Венецыянскім кінафестывалі. На думку ініцыятараў праекта, гэты фільм дазволіць беларускаму кінематографу заявіць пра сябе ў свеце. Адзін з прадзюсараў фільма Анжэла Сконда адзначыў, што сёння ў свеце ніхто не ведае пра беларускае кіно.

«Беларусь ніколі не ўдзельнічала ў такіх сур'ёзных форумах, як Венецыянскі кінафестываль, і гэта — выдатная магчымасць для прэзентацыі краіны ў свеце кіно», — сказаў ён.

Прадзюсар адзначыў, што Беларусь была абраная ў якасці асноўнай здымачнай базы карціны, таму што «кінематаграфічная тэхніка і персанал падыходзяць пад еўрапейскія стандарты для вытворчасці такога фільма».

Каардынатар кінапраекта ў Беларусі Аляксандр Левянчук растлумачыў, што лэйбл «Зроблена ў Беларусі» азначае, што фільм будзе зроблены юрыдычнай асобай — кінакампаніяй «Орбат-сінема», — зарэгістраванай у рэспубліцы, усе падаткі таксама будуць плаціцца тут.

Асноўныя здымкі намечаны на красавік—май. Яны пройдуць у Беларусі, Сірыі і Чачні (Расія). На тэрыторыі Беларусі будуць здымацца эпізоды, звязаныя з беларускай і расійскай прыродай і архітэктурай. Нейкія вуліцы будуць паказваць Маскву, у іншых кадрах будуць паказаны вядомыя месцы Беларусі, паведаміў Левянчук.

У здымках возьмуць удзел беларускія акцёры. Асноўны кастынг пройдзе ў лютым.

Бюджэт фільма 5,5 млн. еўра, ён фарміруецца шэрагам краін, сярод якіх Беларусь, Егіпет, Ліван, Расія, Сірыя, Турцыя. Паводле слоў Левянчука, беларускіх дзяржаўных грошай у фільме няма, але любой дапамогі з боку ўладаў кінакампанія будзе рада.

Фільм плануюць зняць у вельмі кароткія тэрміны, і гэта магчыма дзякуючы сучаснаму абсталяванню, якое дазваляе адначасова здымаць і тут жа манціраваць, падкрэсліў рэжысёр фільма Клаўдыё Малапонці.

Карціна расказвае аб барацьбе з тэрарызмам на прыкладзе гісторыі аднаго рускага чалавека італьянскага паходжання, які ў разгар сірыйскага ваеннага канфлікту трапіў у палон. Асноўны пасыл фільма, паводле слоў аўтараў, — барацьба з гвалтам і імкненне да міру і любові.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?