Абноўленым Кодэксам аб адукацыі прадугледжаны новы парадак прыёму ў першы клас дзяцей, якім меней за шэсць гадоў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
Там распавялі, што ў цяперашні час дзейнічаюць нормы, згодна з якімі ў першы клас прымаюцца дзеці, якія дасягнулі да 30 верасня шасцігадовага ўзросту, або з больш позняга ўзросту.
Прыём у школу дзіцяці, якому спаўняецца шэсць гадоў крыху пазней, напрыклад, 1 кастрычніка, сёння не прадугледжаны Кодэксам аб адукацыі. Каб вырашыць пытанне аб залічэнні ў школу дзіцяці, псіхалагічна і фізічна гатовага да школы, але якое не дасягнула ўзросту шасці гадоў, бацькам трэба звяртацца ў Міністэрства адукацыі.
У новай рэдакцыі Кодэкса прадугледжана магчымасць прыёму ў першы клас дзяцей і ў больш раннім узросце па рашэнні заснавальніка ўстановы адукацыі.
«Гэта азначае, што бацькі змогуць атрымаць такі дазвол па месцы пражывання без лішняй цяганіны і заяў у вышэйшыя інстанцыі», — растлумачылі ў прэс-цэнтры.





