Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч прыняў удзел у перадачы расійскага тэлеканала ТВЦ «Права голасу». Ён быў адзіным удзельнікам з Беларусі. «НН» пацікавілася ўражаннямі спадара Гайдукевіча ад эфіру.

«Я перакананы, што незалежна ад нашых перакананняў унутры краіны — у мяне адны, у вас іншыя, — выязджаючы за межы краіны, мы ўсе ў першую чаргу павінны адстойваць сваю краіну. Не ўдавацца ў гэтыя палітычныя рознагалоссі. Расійскаму гледачу абыякавыя нашы палітычныя погляды. А я стараўся выступаць менавіта для расійскага гледача, каб ён зразумеў, што Беларусь — гэта суверэнная, незалежная дзяржава, а таксама надзейны саюзнік.

Што тычыцца экспертаў, то чым вышэй ідзеш па палітыках, тым болей разумення Беларусі. У мяне былі сустрэчы ў Дзяржаўнай Думе, у іх няма такога стаўлення, як у экспертаў. А больш за ўсё здзіўляе, што самая антыбеларуская пазіцыя ў тых, хто выхадзец з Беларусі. Гэта мяне больш за ўсё абурае. Многія каментары экспертаў паказваюць, што яны Беларусь не ведаюць увогуле, яны тут не былі ніколі.

Не ўсё ж паказалі ў перадачы, хоць асноўныя моманты былі. Гаварыць мне заміналі, я быў адзін. На крык пераходзіў толькі таму, што па-іншаму пазіцыю не данесці. Альбо маўчаць, альбо жорстка адстойваць нашу краіну. Я іх усіх запрасіў у Беларусь: прыязджайце, паглядзіце нашу краіну, мы ў школу вас завядзем, у інстытут.

Наконт беларускай мовы, то я ўвогуле не разумею гэтага трызнення. Як можна крытыкаваць нас, што мы не забываем сваю мову? Ды пры СССР колькі рабілі для развіцця мовы. Мы што, павінны пляваць на сваю мову? Трызненне.

У такіх перадачах удзельнічаць трэба, я буду прыязджаць і, калі трэба, яшчэ больш жорстка адстойваць нашу краіну. Калі мы не будзем туды ездзіць, то яны не будуць чуць альтэрнатыўную пазіцыю. Я магу адзін супраць дзесяці выступаць. Мяне ў другой частцы праграмы вядучы прасіў даць выказацца іншым. А наступны раз не дам кепскае казаць пра нашу краіну.

З боку беларусаў магло падацца, чаму Гайдукевіч больш падрабязна не тлумачыў тую ці іншую праблему. Тлумачу: для расейцаў трэба гаварыць прасцей, максімальна даступна.

Яны ж нават не ў курсе, што адбываецца ў Беларусі, суцэльнае невуцтва. Напрыклад, цэнтр міграцыі, якая тут праблема? Адмянілі візы замежнікам на пяць дзён — і што тут кепскага? Усё трэба тлумачыць.

Гаварыў адзін лысенькі [Юрый Баранчык — «НН»], што мы не павінны шанаваць Радзівілаў. Гэта самая адыёзная пазіцыя, якая шкодзіць беларуска-расійскім адносінам болей, чым хто яшчэ. Я яшчэ сказаў яму, што як будзеце такое казаць, то ў вас хутка саюзнікаў не будзе зусім.

Радзівілаў мы павінны не памятаць? Гэта наша гісторыя, як я магу на яе плюнуць і забыцца. А адносіны ва ўсіх могуць быць розныя. Нехта любіць Каліноўскага, нехта — не. Гэта нармальна, але гэта наша гісторыя. Паважаць павінны? Павінны. У людзей рознае стаўленне да вайны 1812. Ну і што?

Я прыхільнік не абвастраць адносіны, перакананы, што адносіны паміж нашымі краінамі будуць нармальнымі. І ў нас у краіне, і ў іх шкодзяць радыкалы. Дзесьці ў Расіі з’явілася група радыкалаў, іх няшмат, але яны актывізаваліся. Адпаведна яны ўздымаюць такія тэмы, якія нармальныя палітыкі не ўздымаюць. У той жа Думе ніхто такога не гаворыць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?