Большасць праблем, з якімі сёння сутыкаецца чалавецтва, — гэта праблемы гуманітарныя. Нават абмяркоўваючы тэхнічныя дасягненні і тэхналагічныя прарывы, прыродныя зрухі і тэндэнцыі ў экалогіі, міграцыйныя плыні і новыя фінансавыя і эканамічныя мадэлі, у выніку мы апынаемся перад выклікам для чалавека. Сучасны чалавек, яго самаразуменне, стасункі з Іншымі — патрабуюць пераасэнсавання. І нават больш за пераасэнсаванне — дзеяння.
Ці можам мы на базе гуманітарнай веды не толькі тлумачыць і разумець, але і на практыцы адказваць на сучасныя выклікі? Адукацыя, медыя, навука, культура, PR, права, сфера паслугаў, новыя формы супольнай творчасці, стартапы — гэта і многае іншае так ці інакш стварае і ўзнаўляе Чалавечае ў Чалавеку. Якім чынам гэта адбываецца? Як гэта можна змяняць? Куды і навошта змяняць? Хто гэта робіць? І хто можа ці павінен несці адказнасць за такія змены?
Мэта канферэнцыі - прапанаваць і публічна абмеркаваць тыя ідэі і прапановы па сучасных тэхніках і тэхналогіях чалавечага, якія існуюць ці могуць быць разгорнутыя ў нашай сітуацыі і ў нашым грамадстве. Мы імкнемся таксама крытычна ацаніць свае магчымасці, правы і абмежаванні на такую працу.
У праграме канферэнцыі — абмеркаванне тэхнік і тэхналогій чалавечага ў розных сферах і з некалькіх ракурсаў:
- Мінулае і будучыня. Як яны выбудоўваюцца ў гуманітарных практыках
- Асвета, навука і адукацыя — прастора тэхнік і тэхналогій чалавечага
- Палітыка і сацыяльныя стасункі: антрапалагічныя перспектывы
- Прыроднае і штучнае асяроддзе: падыходы ў вырашэнні гуманітарных праблем
- Гуманітарная веда для тэхнічных праблем і тэхналагічных выклікаў
- Межы дзейнасці і адказнасці «тэхнолага»
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца навукоўцы, спецыялісты ў сферы адукацыі, культуры, медыя, а таксама тыя, хто працуе з тэхнічнымі і тэхналагічнымі вынаходніцтвамі і гатовы да абмеркавання абазначаных тэмаў і праблем.
Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 10-га лютага даслаць заяўку на электронную скрыню [email protected] з наступнымі звесткамі аб заяўніку:
1) Імя і прозвішча
2) Месца працы ці вучобы, пасада
3) Форма ўдзелу ў канферэнцыі:
- Даклад. Укажыце назву і тэзісы дакладу (1,5-2 старонкі).
- Удзел у агульнай дыскусіі. Пазначце матывацыю да ўдзелу ў канферэнцыі (50-100 словаў)
4) Кантактныя дадзеныя: email, тэлефон.
Іншагароднім удзельнікам арганізатары забяспечваюць праезд і пражыванне. Колькасць удзельнікаў канферэнцыі абмежаваная, таму арганізацыйны камітэт пакідае за сабой права адбору заяўнікоў паводле «матывацыі да ўдзелу».
Кантактная асоба па арганізацыйных пытаннях — Кацярына Раманчык: [email protected], +375445796339, па змястоўных пытаннях — Тацяна Вадалажская: [email protected], +375296754625.





