Алесь Чобат адзін жыве ў старой хаце ў Скідзелі. Ужо некалькі дзён праз платформу «Талака» ідзе збор сродкаў, каб матэрыяльна дапамагчы журналісту і паэту.

Арганізатарам збору дапамогі стаў журналіст тэлеканала «Белсат» Зміцер Ягораў:

— Я журналіст, а не грамадскі дзеяч, я ніколі раней не займаўся падобнымі праектамі. Але я пабачыў, што ёсць вялікая ахвота ў іншых людзей дапамагчы.

Гродзенскі журналіст Алесь Дзянісаў пра дапамогу Чобату даведаўся выпадкова. Ён пачаў запіс альбома на словы Чобата і даведаўся, што паўстала кампанія ў яго падтрымку:

— Я падтрымліваю гэтую акцыю дапамогі. Не ведаю, наколькі гэта будзе эфектыўна. Там збіраюцца вебмані, а ў большасці людзей няма гэтых вебманей. Але пры жаданні гэта можна ўсё перавесці… Мы ўвесь час павінны думаць пра людзей, якім мы можам дапамагчы, хоць нечым. І Чобат акурат такі чалавек. І гэта не проста чалавек, а выдатны паэт, і ў нейкім сэнсе ўвага да яго большая і ён заслугоўвае гэтай увагі.

За тыдзень праз «Талаку» сабрана ўжо больш за 1000 рублёў, хаця запатрабаваная сума для збору была ў 2 разы меншая. Апроч гэтага Зміцер Ягораў забраў грошы ў дапамогу Чобату ў Варшаве, а частку грошай прынеслі гродзенскай паэтцы Дануце Бічэль, што апякуецца Чобатам.

Пасля збору сродкаў гродзенцы збіраюцца арганізаваць рэальную талаку, каб давесці да ладу хату, у якой жыве Алесь Чобат.

Алесь Чобат — журналіст і паэт, аслеп пасля аперацыі ў 2013 годзе. Чобат у пачатку 1990-х гадоў паспеў папрацаваць рэпарцёрам і аглядальнікам тыднёвікаў «Перспектива», «Гродненские новости», «Гродненская неделя», меў дачыненне да стварэння ў горадзе газеты «Рэанімова».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?