З нагоды запрашэння Віктара Марціновіча ў Цюрых выданне «Neue Züricher Zeitung» («Новая цюрыхская газета») апублікавала артыкул «Мастацтва — заўсёды крык аб дапамозе», у якім знаёміць чытачоў з творчай біяграфіяй пісьменніка і яе грамадскім кантэкстам Беларусі.

Фота: Simon Tanner / NZZ.

Фота: Simon Tanner / NZZ.

У Швейцарыі беларускі пісьменнік атрымаў стыпендыю «Пісьменнік у рэзідэнцыі» (Writer in Residence), якая выдаецца супольна Літратурным домам Цюрыха і фондам PWG пры падтрымцы кантона Цюрых. Яна выдаецца двойчы на год і мае на мэце падтрымку пісьменнікаў, стварэнне для іх неабходных умоў для працы, развіццё кантактаў літаратуры і грамадскасці, а таксама сувязяў паміж літаратарамі.

Як паведамляе газета, у Цюрыху Марціновіч працавацьме над сваім шостым раманам. Ён будзе прысвечаны «волі да ўлады». Напрыклад, у ім, як паведаміў пісьменнік, «утрымліваецца іранічная версія Хадаркоўскага». Над раманам беларускі аўтар працуе з 2009 года, ён расказаў швейцарскаму выданню, што штогод перапісваў раман і змяняў у ім прыблізна траціну.

У астатнім артыкул — далейшы аповед самога Марціновіча пра ягоныя раманы, пра беларускі кантэкст, пра адметнасці ў беларускай і рускай культурных сітуацыях і пад. То бок трэба мець на ўвазе, што ўсё ніжэйпададзенае — думкі і меркаванні самога пісьменніка (для таго, каб падкрэсліць, што гэта перадача чужых слоў, у нямецкай газетнай мове шырока ўжываецца Konjunktiv I — «першы ўмоўны лад» дзеяслова).

У публікацыі вядзецца гаворка пра некалькі ранейшых раманаў пісьменніка, у прыватнасці пра выдадзеную ў Маскве «Параною» і апошні раман «Возера радасці». Шмат увагі надаецца «транскультурнаму» становішчу Марціновіча, чыя родная мова руская і які піша раманы як па-руску, так і па-беларуску. Гэта прыводзіць да таго, што пісьменнік аказваецца «іншародным целам» у абедзвюх культурах. У Беларусі яго крытыкуюць за недастатковы ўклад у беларускую літаратуру (тут робіцца параўнанне з Алексіевіч), не стаў ён сваім і ў Расіі. Хаця пры выданні першага рамана выдавецтва прэзентавала яго як рускага — каб павялічыць ягоныя перспектывы на рынку.

Асобная ўвага надаецца беларускай дыктатуры. Упамінаецца, што дэбютны раман «знік з кніжных паліц у Мінску». Аднак сёння пісьменнікаў у Беларусі больш не расстрэльваюць — ужываюцца «чорныя спісы», ахвярай якіх бачыць сябе Марціновіч. Але гэтая сітуацыя паступова заканчваецца: «Возера радасці» трапіла ў кнігарні, але чорная пазнака з Марціновіча яшчэ не знятая што да ТБ.

Коратка абмяркоўваецца таксама кніга Марціновіча пра Шагала, якая ў 2015 годзе выйшла ў выдавецтве ЕГУ і зусім нядаўна — у прэстыжным маскоўскім «НЛО». У сувязі з біяграфіяй Шагала Марціновіч выказваецца ў такім духу, «што поспех і слава кепскія для мастацтва. Мастацкая творчасць — заўсёды крык аб дапамозе».

У канцы артыкула Марціновіча дзеліцца меркаваннямі аб уласнай творчасці. Яе ён характарызуе як «постпостмадэрнісцкую», а стылістычны кірунак — як містычны рэалізм. Асабліва ён падкрэслівае наяўнасць у ягоных раманах «загадак, якія складана адгадаць» (як «велікодныя яйкі» ў камп’ютарных гульнях).

25 лютага Марціновіч чытацьме ў Цюрыхскім літаратурным доме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?