Скарачэнне паставак расійскай нафты ў Беларусь павінна быць замешчана альтэрнатыўнымі варыянтамі. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння, прымаючы з дакладам віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі.

«Мы дамаўляліся, што ў бліжэйшы час вы мне паведаміце пра сітуацыю ў нафтагазавым комплексе краіны, асабліва ў сувязі з паводзінамі Расіі. Па нашых дамоўленасцях і пагадненнях, раней заключаных, якая ў нас абстаноўка? Мы нічога не ўтойваем ад людзей. Хаваць, я мяркую, не трэба. Катастрофы няма, але скарачэнне паставак нафты ад Расійскай Федэрацыі павінна быць замешчана альтэрнатыўнымі варыянтамі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што адпаведныя пытанні абмяркоўваліся яшчэ ў канцы мінулага года. «І мы гэтыя альтэрнатыўныя варыянты не проста прапрацоўвалі. Мы некаторыя выпрабавалі, выпрабавалі ўжо на практыцы, дастаўляючы нафту з Чорнага і Міжземнага мораў на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, каб на практыцы паглядзець, як гэта будзе выглядаць эканамічна», - сказаў кіраўнік краіны.

«Таму я хацеў бы пачуць, як тут ідуць справы. Як прасоўваецца перамоўны працэс сёння з Расійскай Федэрацыяй і на перспектыву, каб вызначыцца, як нам дзейнічаць далей. Ну і па нафтаздабычы ў Беларусі», - дадаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?