Двое мужчынаў з Іванаўскага раёна аказаліся ў Брэсце 19 студзеня. Падпіўшы, яны вырашылі паўдзельнічаць у Вадохрышчы.

«Яны каля 19:30 гадзін прыехалі да месца масавага купання на Вяслярным канале. Не турбуючы сябе пошукамі месца для паркоўкі, кіроўца Аўдзі пакінуў аўтамабіль проста на перакрыжаванні і хісткай хадой пайшоў да месца прызначэння, - паведамляе брэсцкае ДАІ. - Вярнуўшыся пасля купання, мужчыны селі ў аўто і хацелі працягнуць падарожжа, аднак, не ведалі, што супрацоўнікі ДАІ непадалёк забяспечвалі бяспеку дарожнага руху і ўжо пільна сачылі за Аўдзі. Як толькі кіроўца крануўся ў шлях, інспектарам ДАІ было пададзена патрабаванне спыніцца».

За рулём быў 42-гадовы жыхар вёскі Тышковічы. Ён праігнараваў патрабаванне інспектара і паддаў газу. Пагоня доўжылася некалькі кіламетраў і скончылася ў двары аднаго з дамоў па вуліцы Мытная. Выскачыўшы з машыны, пасажыр і кіроўца з крыкамі «гэта не я быў за рулём» кінуліся бегчы ў розныя бакі. Аднак інспектары дагналі ўцекачоў. Прычым, падчас затрымання парушальнікі аказвалі супраціў супрацоўнікам міліцыі, што вымусіла апошніх ўжыць фізычную сілу і спецсродкі.

У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што мужчына, які быў за рулём, не меў пры сабе пасведчання кіроўцы і з'яўляецца паталагічным парушальнікам. На фоне шматлікіх штрафаў за не пропуск пешахода, не прышпілены рэмень бяспекі, не выкананне хуткасных рэжымаў, яго паслужны спіс «ўпрыгожваюць» запісы аб пазбаўленні права кіравання у 2005 і 2008 гадах за кіраванне ў нецвярозым стане і пакіданне месца ДТЗ адпаведна.

Медыцынскі агляд пацвердзіў, што мужчына быў нецвярозы і гэтым разам — у яго было 2,5 праміле алкаголю.

Але тое, што адбылося далей, уразіла нават вопытных супрацоўнікаў ДАІ.

Пры афармленні адміністрацыйных матэрыялаў, здавалася б ужо супакоены парушальнік, схапіў пратакол апытання, які ляжаў на стале ў інспектара, пачаў есці паперу.

«Спужаўшыся, што мужчына можа здушыцца, інспектары кінуліся аказваць яму дапамогу і вынялі паперу з яго рота. На прапанову запіць усё ж такі з'едзеныя кавалкі паперы мужчына адказаў адмоўна. Аформіўшы дакументы па частцы парушэнняў ПДР, парушальнік быў дастаўлены ў гарадскі аддзел міліцыі для далейшага разбору», - паведамляе ДАІ.

У дачыненні да кіроўцы Аўдзі складзеныя тры адміністрацыйныя матэрыялы: за адсутнасць пасведчання кіроўцы; за неаднаразовае невыкананне патрабавання аб спыненні транспартнага сродку; за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап'янення. Акрамя гэтага мужчына можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці — за супраціў міліцыі і знішчэнне афіцыйнага дакументу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?