Абвінавачаны ў карупцыі былы дырэктар ААТ «Магілёўсаюздрук» Аляксандр Чачора прыгавораны да 10 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое рашэнне вынес 20 студзеня суд Ленінскага раёна Магілёва, які прызнаў Чачору вінаватым па ўсіх інкрымінаваных яму злачынствах.

Чачора таксама пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна распарадчых, адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў.

Паводле прысуду, які зачытаў суддзя Сяргей Мазураў, Аляксандр Чачора прызнаны вінаватым у завалоданні маёмасцю, учыненым з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, а таксама ў хабарніцтве і незаконным абароце боепрыпасаў.

Паводле даных следства, былы дырэктар «Магілёўсаюздруку» неаднаразова незаконна браў з касы таварыства грошы, якія паступалі ў якасці выручкі ад рэалізацыі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, атрымаўшы такім чынам з лютага 2014 года па сакавік 2015 года больш 285 млн рублёў. Акрамя таго, як высветліла следства, абвінавачваны атрымаў ад дырэктара прыватнага прадпрыемства за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, хабар у выглядзе стрэльбы маркі «Берэта». Вясной 2016 года стала вядома, што з лютага 2013 года па люты 2015-га, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, ён патрабаваў ад кіраўнікоў страхавых кампаній прыняць на працу на пасаду страхавога агента нявестку.

Раней Аляксандр Чачора прасіў прэзідэнта аб памілаванні, аднак яму было адмоўлена. На судзе былы дырэктар не прызнаў сябе вінаватым, назваўшы выстаўленыя абвінавачанні «бязглуздзіцай, якую прыдумала следства».

Чачора заявіў БелаПАН, што будзе абскарджваць вынесены прысуд. У сваю чаргу адвакат падсуднага Аляксандр Пыльчанка заявіў БелаПАН, што «прысуд несправядлівы па прызначаным пакаранні і па кваліфікацыі». «Абвінавачванні, якія яму выстаўляліся, не знайшлі пацверджання. Таму мы не згодныя і будзем абскарджваць», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?