У эканоміцы Беларусі ў снежні 2016 года было занята 4 млн 381,3 тыс. чалавек, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. У снежні 2015 года — 4 млн 470 тыс. чалавек. Такім чынам за год занятых стала менш на 88,7 тыс.

Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец 2016 года склала 35,3 тыс. чалавек (на канец 2015 года — 24,22 тыс.). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,8% эканамічна актыўнага насельніцтва (0,5%).

Аляксандр Лукашэнка ў штогадовым пасланні да народа і парламента 21 красавіка 2016 года заявіў пра неабходнасць «звярнуць увагу на эфектыўную занятасць людзей, і тут не абысціся без аптымізацыі колькасці работнікаў». «На кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, высокапрадукцыйнае, — сказаў ён. — Калі раптам на МАЗе, БелАЗе адбываецца аптымізацыя і вызваляецца энная колькасць работнікаў, гэтых людзей павінны перавесці за руку праз дарогу і працаўладкаваць на новым працоўным месцы, а не выкідаць на вуліцу. Патрабаванне за гэта будзе ў гэтым годзе жорсткім».

Лукашэнка нагадаў пра заданне ўраду і старшыням аблвыканкамаў стварыць у 2016 годзе 50 тыс. новых працоўных месцаў. «Гэта мінімальнае патрабаванне. Усяго толькі 50 тыс., нават не 100 тыс. і не мільён працоўных месцаў. А каб стварыць мільён працоўных месцаў, трэба мець мільярд! Мы рэалісты, стаім на зямлі: нам трэба 50 тыс. працоўных месцаў. Кожнаму заданне даведзена, выконвайце», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён папярэдзіў, што «месцы ствараюцца не для справаздач, а для канкрэтных людзей, якія жывуць на зямлі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?