Давядзецца пачаць з добра вядомага факта, што Данія лічыцца самай шчаслівай краінай у свеце. Сапраўды, асабліва з пункту гледзішча беларусаў, гэта невялікая, але забяспечаная краіна, тут спраўна працуе дзяржава дабрабыту, якая незаўважна перамолвае нават натоўпы мігрантаў. Ціхая, спакойная краіна, не асабліва цікавая. Але гэта толькі вяршыня айбергу.

Гістарычна Данія прэтэндавала на статус паўночнай імперыі, вялізнай дзяржавы, якая будзе кіраваць усёй Балтыкай.

У часы Кнуда Вялікага (пачатак ХІ ст.) дацкія каралі падпарадкавалі сабе Англію і Швецыю! Іншы перыяд магутнасці наступіў пасля заключэння Кальмарскай уніі ў 1389 г., хоць гэта была і дынастычная унія са Швецыяй, але пад эгідай дацкай кароны.

Далейшы ход падзей Кнуд Есперсэн у сваёй «Гісторыі Даніі» апісвае як адзіны працэс — дэзінтэграцыі і распаду вялізнай імперыі. Спачатку паўсталі шведы пад кіраўніцтвам Густава Вазы, пасля працяглых і зацятых шведска-дацкіх войнаў датчане страцілі і Сконэ (паўднёва-заходні рэгіён Швецыі), на пачатку ХІХ ст. (як вынік падтрымкі Напалеона) у Даніі адабралі Нарвегію, у сярэдзіне ХІХ ст. Прусія адваявала паўночнагерманскія землі Шлезвіг і Гальштэйн, урэшце, падчас Другой сусветнай вайны цалкам адлучылася Ісландыя.

Слабым успамінам пра былую веліч з’яўляюцца Грэнландыя і Фарэрскія астравы, але і тыя жывуць у аўтаномным рэжыме, і залежнасць ад Даніі застаецца збольшага фармальнасцю. Напрыклад, калі захочацца патрапіць на Фарэрскія астравы, то давядзецца рабіць асобную візу, дацкі шэнген тут не пракатвае. Але, падаецца, што самі

датчане не вельмі перажываюць пра страту вялікадзяржаўнага статуса, не мрояць начамі пра вяртанне Лондана і Стакгольма ва ўлонне вялікай дацкай дзяржавы. Шчаслівыя ў сваім маленькім утульным куточку Еўропы.

Хаця, у Ганс-Хрысціяна Андэрсэна ёсць любімы ўсімі датчанамі верш «Народжаны ў Даніі», які лічыцца альтэрнатыўным гімнам краіны, і тэкст гучыць такім чынам: «du engang herre var I hele Norden, bød over England—nu du kaldes svag, et lille land,—og dog så vidt om jorden end høres danskens sang og mejselslag» (калісьці ты была гаспадаром усёй Поўначы, кіравала Англіяй — а цяпер цябе клічуць маленькай слабой краінай, — але па ўсім свеце разносяцца дацкія песні ды гукі стамескі).

Падчас ліпеньскай вандроўкі мне якраз і хацелася зірнуць не толькі на трафарэтны Капенгаген, але і паспрабаваць знайсці згадкі іншай Даніі — з салёным прысмакам мора, ударамі вёслаў, звонам мячоў, скрыгатам шчытоў, вайсковай удачай і прагай заваяванняў. Таму адпачатку шлях лёг на поўнач ад паўвострава Ютландыя, да горада Орхус, заснаванага вікінгамі.

Па дарозе да Капенгагена абавязкова хацелася завітаць у кафедральны сабор Рынгстэда, дзе пахаваныя першыя дацкія каралі, у тым ліку і каралева Соф’я Валадараўна, дачка мінскага князя Валадара Глебавіча (яе беларускае паходжанне раскапаў упершыню Андрэй Катлярчук). Яшчэ адным абавязковым прыпынкам падчас гэтай часткі падарожжа стаў Роскіле, дзе месціцца музей караблёў вікінгаў.

Орхус у 2016 годзе патрапіў на другое месца вельмі шанаванага рэйтынгу тых мясцін у свеце, якія рэкамендуе наведаць Lonely Planet, у 2017 годзе гэты горад атрымаў не менш ганаровы тытул «еўрапейскай сталіцы культуры». Тым не менш, не сказаў бы, што Орхус апаноўваюць натоўпы турыстаў, можа і таму, што дабірацца да яго не так проста.

Дацкая чыгунка вельмі камфортная (хоць цягнікі могуць таксама неміласэрна спазняцца), але і вельмі дарагая. Білет з Капенгагена да Орхуса і назад абыдзецца ў добрую сотню даляраў.

На шчасце, ёсць і абыходныя варыянты, напрыклад, ёсць рэйс лаўкоста Wizzair з Вільні да Білуна (цэнтр Ютландыі), а адтуль ужо з аэрапорта можна аўтобусам за паўтары гадзіны наўпрост дабрацца да Орхуса, вельмі добрая эканомія грошай і часу. Сам Білун таксама знакаміты сваім «Легалэндам», але маё дзяцінства прайшло на вёсцы з граблямі і матыкай, таму слёзы настальгіі па гэтых канструктарах на вочы не наварочваюцца і жадання спыняцца ў сусветна вядомым атракцыёне не паўстала. Шлях на Орхус!

На кампанію атрымалася арандаваць на airbnb за зусім мізэрны па дацкіх стандартах кошт двухпакаёвую кватэру ў цэнтры горада.

Гаспадыня аказалася архітэктаркай, якая перабралася адпачываць у летні домік, а нам на два дні дасталася кватэра з выдатнай бібліятэкай і прафесійным скандынаўскім дызайнам. 

Зранку можна выпраўляцца зведваць горад. Орхус быў заснаваны яшчэ ў VIII стагоддзі вікінгамі, вельмі зручная лакацыя для гандлю (назва перакладаецца як «вусце ракі»), з-за гэтага горад у бурлівыя часы сярэднявечча неаднойчы захоплівалі і рабавалі, але ўсё роўна ён разросся да другога па велічыні горада Даніі. Яшчэ адным важным крокам стала заснаванне ў 1928 годзе ўніверсітэта, не зважаючы на супраціў дацкага ўрада, цяпер студэнты складаюць добрую частку насельніцтва Орхуса (дарэчы, менавіта ў гэтым універсітэце вучылася цяперашняя каралева Даніі Маргрэтэ ІІ). Улетку, у перыяд вакацый, складваецца адчуванне, што горад абязлюднеў, пустыя вуліцы і пустыя бары.

Лагічны крок — пачаць з кафедральнага сабора, прысвечанага святому Кліменту, які па-пакутніцку загінуў у Крыме: прывязалі да шыі якар і патапілі.

Зразумела, што з такім жыццёвым лёсам святому Кліменту было наканавана стаць патронам маракоў (а памятаем, што Орхус — гэта партовы горад). Сабор у раманскім стылі на гэтым месцы ўпершыню быў збудаваны яшчэ напрыканцы ХІІ стагоддзя, але згарэў, і каля 1500 года быў адбудаваны наноў, зразумела, у гэты раз у гатычным стылі. Пастараліся пры будаўніцтве на славу,

гэта найвышэйшы (96 м) і наўдайжэйшы (93 м) сабор у Даніі.

Паспелі і стварыць на сценах фрэскі, якія падчас Рэфармацыі праз пару дзесяцігоддзяў былі старанна замаляваныя. Добра, што не знішчылі цалкам, як гэта любілі рабіць у Швейцарыі, цяпер сярэднявечныя фрэскі адноўленыя.

Таксама пярлінай сабора лічыцца алтар, створаны славутым любекскім майстрам Бернтам Нотке.

Унутры можна правесці шмат часу, разглядваць прыгожыя фрэскі, дзіўныя старадаўнія пліты, таксама выклікае цікавасць і мадэль карабля, падвешаная пад столлю. Яе стварылі ў Галандыі на замову расійскага імператара Пятра Аляксеевіча, калі той вырашыў стварыць расійскі флот. Адправілі караблём у Расію, але той патануў, мадэль жа аказалася надзейна створанай і плавала па бурлівых хвалях, пакуль не вынесла яе на бераг. Паводле законаў «трафеі мора» прадаваліся на аўкцыёнах, дзе яе набылі орхускія маракі і перадалі ў кафедральны сабор.

Яшчэ адзін сабор у Орхусе варты абавязковага зведвання — царква Божай маці (Vor Frue Kirke), знешне гэта традыцыйная аскетычная паўночная готыка, але самае цікавае знаходзіцца пад зямлёю. Тут падчас рамонту ў 1950-я гады была знойдзеная ў падзямеллі царква ХІ стагоддзя, куды можна спусціцца. Вельмі атмасфернае месца.

Падземная крыпта Vor Frue Kirke ((C)visitaarhus.com)

Падземная крыпта Vor Frue Kirke ((C)visitaarhus.com)

Але Орхус усё ж славіцца найперш сваімі музеямі, якія могуць смела паспрачацца за статус найлепшых музеяў у Даніі, і выклікаюць цікавасць не толькі ў такіх музейных пацукоў, як я.

Як вядома, у Швецыі ўпершыню прыдумалі скансэны, музеі вясковага жыцця пад адкрытым небам. А вось у Орхусе яшчэ ў 1914 годзе стварылі падобны музей, толькі гарадскога жыцця — «Стары горад» (Den Gamle By).

Ён спачатку складаўся з прыгожага рэнесанснага «дома мэра» і яшчэ некалькіх суседніх старых дамоў. Музей пачаў разрастацца, туды пачалі звозіць і аднаўляць гарадскія будынкі з усёй Даніі. Цяпер «Стары горад» разбіваецца на тры асноўныя зоны: 1700-1800-я гады, 1927 і 1974 гады (апошняя частка яшчэ актыўна дабудоўваецца). Тут не толькі жылыя дамы розных часоў і стыляў, але і разнастайныя майстэрні і крамы.

На месцы пякуць па традыцыйных рэцэптах хлеб і тут жа яго прадаюць, а вось бровар, на жаль, не працуе, піва не вараць, хоць можна зірнуць, у якіх умовах яго раней рабілі.

Спрабую сябе ў якасці браварніка.

Спрабую сябе ў якасці браварніка.

Шмат «аніматараў» у адпаведнай свайму часу вопратцы блукаюць па вуліцах, у першым жа доме можна было паназіраць за спатканнем дзвюх маладых дам віктарыянскай эпохі з кавалерам-афіцэрам.

Некалькі музеяў у музеі — лялек, дэкаратыўнага мастацтва, постараў (у апошнім была выстава постараў з выраю хіпі Крысціяніі). Старыя прайгравальнікі і тэлевізары можна набыць на месцы (але і ў нас на «полі цудаў» такога дабра навалам). Сюды файна прыводзіць дзяцей, каб яны адчулі і зразумелі, як жылі раней людзі, як вырабляліся розныя рэчы, для іх ужо і 1974 год выглядае дзіўнай і малазразумелай эпохай. Што здзівіла, цана на квіткі ў музей сур’ёзная (больш за 18 еўра), але на ўваходзе іх ніхто не правярае, вось жа наколькі сумленныя людзі.

Я хацеў яшчэ паспець на экскурсію ў гарадскую ратушу, пабудаваную ў экстравагантным функцыяналісцкім стылі ў 1941 годзе, з шэрых бетонных пліт, пакрытых нарвежскім мармурам. Але экскурсія была толькі на дацкай мове, ды зноў жа за салідную суму, таму вырашыў ёю ахвяраваць.

Побач узвышаецца яшчэ адзін будынак, які безумоўна прыцягвае ўвагу, мастацкага музея ARoS, дзесяць паверхаў, а наверсе — вясёлкавая панарама ў выглядзе разнакаляровага празрыстага кальца. Структура музея зроблена па правобразе «Боскай камедыі», заходзіш у чысцец, наверсе вясёлка адпавядае раю, а ніжні ўзровень — пеклу.

Па кальцу вясёлкі можна пахадзіць, палюбавацца на горад у розных колерах, сам па сабе гэты занятак ужо прыцягвае шмат турыстаў.

Калі крыху спусціцца, то трапляеш на выставу «Ад Абільгора да Кіркебі», якая прэзэнтуе сталую калекцыю музея як кароткі расповед пра гісторыю дацкага жывапісу. Пачатак выводзіцца ад Нікалая Абільгора, класіцызм з міфалагічнымі і біблійнымі сюжэтамі (і дрэннай тэхнікай), пераходзіць у «залаты век» сярэдзіны ХІХ стагоддзя з рамантычнымі ўзнёслымі матывамі. Праўда, калі мова пра «залаты век» дацкай літаратуры сярэдзіны ХІХ стагоддзя сапраўды мае сэнс (Андэрсэн і К’еркегор, тут не паспрачаешся), то жывапіс гэтай эпохі цалкам другасны і сумнаваты. Запомнілася вось гэта рэалістычная карціна Эдварда Петэрсэна пра сумны лёс мігрантаў, калі з-за няправільнага карыстання землямі ў Даніі ў другой палове ХІХ стагоддзя распачаўся голад і сяляне масава мусілі шукаць лепшага лёсу ў Амерыцы.

Edvard Petersen «Udvandrere på Larsens Plads» (1890) ((C)ARoS).

Edvard Petersen «Udvandrere på Larsens Plads» (1890) ((C)ARoS).

Нейкую сваю адметнасць дацкі жывапіс набывае на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, але гэта ўжо лепш адчуваецца па калекцыях капенгагенскіх музеяў. Пра тое, што адбывалася з жывапісам у другой палове ХХ стагоддзя, можна распавядаць доўга і не заўжды цэнзурнымі словамі, а ў якасці лепшай ілюстрацыі да гэтых працэсаў можа служыць вось гэта карціна Пера Кіркебі, якая заканамерна завяршае сабою эвалюцыю дацкага жывапісу.

Per Kirkeby «Nach Der Abnahme» (1988) ((C)ARoS) 

Per Kirkeby «Nach Der Abnahme» (1988) ((C)ARoS) 

Спускаемся ўніз яшчэ на пару ўзроўняў, і тут выстава сусветна вядомага амерыканскага фатографа Роберта Мэплторпа. Чорна-белыя фатаграфіі, вытанчаныя да перфекцыянізму. Шмат аголенага цела, з кантрастамі белых і чорных фігур. Партрэты культурыстаў (у тым ліку і маладога Шварцэнэгера) і культурнай багемы, шмат здымкаў спявачкі Пэці Сміт, якая была доўгі час каханкай і музай Мэплторпа (пра гэты перыяд свайго жыцця яна распавяла ў цудоўнай біяграфічнай кнізе «Проста дзеці»). Пэці Сміт нядаўна добра прашумела па медыях, бо менавіта яна атрымлівала Нобелеўскую прэмію замест Боба Дылана, які адмовіўся прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання. Але Мэплторп яшчэ і скандальна знакаміты фатограф, які шмат у чым спрычыніўся да разбурэння межаў прыстойнага і прымальнага ў мастацтве. Ён адкрыў у сабе гомасэксуальнасць, пачаў цікавіцца садамазахісцкімі оргіямі, і гэтыя свае захапленні пераносіў у мастацтва фатаграфіі. Асобны пакойчык на выставе якраз дэманстраваў гэты бок творчасці Мэплторпа, але я адтуль здымкаў у якасці ілюстрацый прыводзіць не буду, а то яшчэ «Нашу Ніву» закрыюць, часы ў нас суровыя. Вось гэта позні аўтапартрэт фатографа (1988), які адлюстроўвае і яго люцыферыянскія захапленні, незадоўга перад смерцю ад СНІДу (непазбежны пры такім ладзе жыцця фінал).

Robert Mapplethorpe «Self-Portrait» (1988) ((C)Mapplethorpe Foundation)

Robert Mapplethorpe «Self-Portrait» (1988) ((C)Mapplethorpe Foundation)

Калі спусціцца ў самае пекла, то на ўваходзе замест цэрбера сустракае гіганцкая (5-метровая) гіперрэалістычная статуя хлопчыка на кукішках.

Тут яшчэ адна часовая выстава, сучаснага брытанскага мастака Грэйсана Пэры, лаўрэата прэстыжнай прэміі Тэрнера 2003 года. Вось такое сучаснае мастацтва мне падабаецца, яркае, асэнсаванае, з яскравым пачуццём гумару, тэхнічна вытанчанае. Пэры ўжывае мноства матэрыялаў і формаў, ад керамікі да габеленаў, менавіта апошнія найбольш уражваюць. Асноўныя тэмы ў прынцыпе кладуцца ў звычайную павестку для брытанскага мастацтва — класавыя падзелы, гендарныя стэрэатыпы, засілле медыяў, але адлюстроўваюцца яны з яскравым пачуццём гумару, за гэта шмат што можна дараваць.

Grayson Perry «Upper Class at Bay» (2012) ((C)ARoS)

Grayson Perry «Upper Class at Bay» (2012) ((C)ARoS)

Grayson Perry «Tomb Guardian» (2011) ((C)ARoS)

Grayson Perry «Tomb Guardian» (2011) ((C)ARoS)

Але ў Орхусе ёсць яшчэ і трэці музей — археалогіі і этналогіі Моэсгор (Moesgaard), прамінуць які будзе недаравальна.

Хоць да яго трэба адмыслова дабірацца, бо знаходзіцца на ўскрайку горада і трэба ехаць аўтобусам. Але яно таго варта. Сам новы будынак музея (адкрыты ў 2015 годзе) як быццам прыхаваны ў зямлю і пакрыты зялёнай травою, што дарэчна, бо большая частка экспазіцыі прысвечаная археалагічным знаходкам.

Дзіўна, але гэта адзін з самых сучасных музеяў па тэхніцы экспанавання, які я бачыў у сваім жыцці (а досвед маю ў гэтым плане немаленькі). Укладзена шмат грошай і не менш таленту і адданасці, вынік проста фантастычны.

Здавалася б, што можа быць цікавага ў археалагічным музеі — чарапкі ды косці. Але ў Моэсгоры сіла і моц сучасных тэхналогій актыўна выкарыстоўваецца, каб аднавіць сусвет першых насельнікаў Даніі, як быццам патрапляеш у магічны лес, напоўнены цудамі. Тым не менш і

традыцыйных артэфактаў тут хапае, чаго толькі варты «чалавек з Грабола» (Grauballemanden), адзін з найлепш захаваных людзей старажытных часоў. Яму перарэзалі глытку і кінулі ў балота (чалавечае ахвярапрынашэнне?), што дазволіла надзвычай захавацца рэшткам.

Чалавек з Граболла ((C)visitaarhus.com)

Чалавек з Граболла ((C)visitaarhus.com)

Агулам, даўнія насельнікі Даніі любілі рабіць ахвярапрынашэнні балотам і азёрам, што вельмі цэняць сучасныя археолагі. Яшчэ адна надзвычайная калекцыя музея Моэсгор — знаходкі бронзавага веку з рачной даліны Ілеруп, дзе археолагі знайшлі каля 15000 прадметаў, пераважна зброю. Лічыцца, што пасля буйной перамогі над арміяй заваёўнікаў (з тэрыторыі Нарвегіі) адмыслова пашкоджаную зброю пераможаных ахвяравалі вадзе. Можна патрапіць і ў 3D рэканструкцыю гэтай бітвы, і ўбачыць масівы знойдзенай зброі.

А вось гэты рунічны камень з’яўляецца сімвалам музея.

Уверх вядзе лесвіца эвалюцыі, якая паказвае як змяняўся знешні выгляд чалавека.

Антрапалагічная частка музея значна больш сціплая, па сутнасці, гэта адна экспазіцыя, прысвечаная рытуалам ушанавання мёртвых продкаў, якія існуюць у розных цывілізацыях (найбольш яркія, безумоўна, у Мексіцы). Часовая выстава была прысвечаная гладыятарам, нават такая папсовая тэма была раскрыта досыць неардынарна. І тут той жа прынцып, паводле якога створаны ўвесь музей: багацце артэфактаў мусіць быць ярка пададзенае з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і працай над прасторай. Галоўная частка выставы нагадвала арэну Калізея, дзе паказваліся баі гладыятараў, але на перыферыі можна было знайсці мноства вітрын пра розныя аспекты жыцця і смерці гладыятараў, пераважна па падставе калекцый дзясяткаў італьянскіх музеяў. Чарговы вельмі прыемны сюрпрыз.

Выстава «Гладыятары» ((C)Moesgaard Museum)

Выстава «Гладыятары» ((C)Moesgaard Museum)

Дадатковым бонусам да гэтага музея можна лічыць тое, што калі прабрацца праз невялікі сасновы лес, то можна выбрацца на невялікі каменны пляж на беразе мора. Я адмыслова цягаў з сабою бутэлечку рускага імперскага стаўта ад Орхускага бровара, набытую яшчэ ў музеі «Старога горада», менавіта з разлікам, што можна ёю завершыць дзень пад шум марскіх хваль. Ад пляжа да гарадскога цэнтра ідзе прамы аўтобус, што таксама было вельмі дарэчы.

Janus La Cour «Moesgård_Strand» (1890) ((C)ARoS)

Janus La Cour «Moesgård_Strand» (1890) ((C)ARoS)

На наступны дзень раніцай распачаўся доўгі шлях да Капенгагена, з некалькімі прыпынкамі. Зноў жа, шалёна дарагая чыгунка, нейкую эканомію можна здабыць, калі загадзя праз інтэрнэт набываць білеты па «аранжавым» тарыфе ці набываць групавыя білеты.

Першы прыпынак — Одэнсэ, сталіца вострава Фюн (назва горада паходзіць ад імя скандынаўскага бога Одына). Тут нарадзіўся Ганс-Хрысціян Андэрсэн, і гэты немаленькі горад, трэці па велічыні ў Даніі, ператварыўся ледзь не ў суцэльны помнік самаму славутаму датчаніну. Адразу ля чыгуначнага вакзала віднеецца каралеўскі палац, дзе маці Андэрсэна працавала прачкай, крыху далей — царква, дзе яго хрысцілі, у цэнтры ўзвышаецца сабор святога Кнуда, дзе маленькі Ганс-Хрысціян праходзіў канфірмацыю.

У цэнтры горада захавалася на дзіва шмат старой забудовы, прыгожага фахверку, які радуе вока і сэрца. Некалькі будынкаў экспартавалі ў Орхус, але фахверкавы ансамбль па-ранейшаму ўражвае цэласнасцю і захаванасцю, больш у Даніі такога не сустрэнеш. Невялічкія скульптуры на вуліцах ілюструюць самыя вядомыя казкі славутага ўраджэнца Одэнсэ.

Натуральна, разам з натоўпамі кітайскіх турыстаў трэба было завітаць і ў музей Ганса-Хрысціяна Андэрсэна.

Ён зроблены досыць традыцыйна: рэканструкцыя эпохі хуткай мадэрнізацыі, чарнавікі і лісты пісьменніка, яго малюнкі і выцінанкі, адноўлены капенгагенскі пакой з аўтэнтычнай мэбляй, вялізная бібліятэка з перакладамі казак на амаль на ўсе мовы свету. Канечне, Андэрсэн быў вельмі цікавай асобай, пасля пары няўдалых спробаў узяць шлюб так і памёр цнатлівым, публічныя дамы ён зведваў толькі дзеля ветлівых размоў з аголенымі прастытуткамі. Шмат любіў падарожнічаць і сустракацца са знакамітасцямі, Дыкенс у сваіх дзённіках з жахам згадвае, як з добры месяц не мог зразумець, калі ўжо гэты датчанін нарэшце ў яго нагасціцца. Казкі пісаў з разлікам на дарослых таксама, і вельмі крыўдаваў, калі яго ўспрымалі выключна як дзіцячага пісьменніка. Калі на вяршыні славы Андэрсэн зноў наведаў родны горад, то пачалі ў яго выпытваць, у якім доме ён нарадзіўся, бо ўжо паўстала ідэя стварыць яму музей. На што пісьменнік, народжаны ў беднасці, прызнаўся, што проста не памятае гэтага. Але гэта не перашкодзіла прадпрымальным землякам знайсці больш-менш падобны домік і ператварыць у адмысловы дом-музей, дзе Андэрсэн мусіў нарадзіцца.

Я ж накіраваўся да мастацкага музея Brandts, які нядаўна (2013) быў адкрыты на месцы былой тэкстыльнай фабрыкі. Асноўная частка экспазіцыі таксама грунтуецца вакол адной з найлепшых у краіне калекцый дацкага жывапісу, ад партрэтаў эпохі класіцызму да мадэрнісцкіх эксперыментаў.

Адмысловае месца займаюць шматлікія краявіды вострава Фюн, якія любілі маляваць мясцовыя мастакі на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Некаторыя з твораў сталі класікай дацкага жывапісу, напрыклад, «Італьянскія землякопы» Кроера і «Згарэў» Брэндэкільдэ.

Peder Severin Krøyer «Italienske markarbejdere. Abruzzerne» (1880) ((C)Brandts)

Peder Severin Krøyer «Italienske markarbejdere. Abruzzerne» (1880) ((C)Brandts)

H.A. Brendekilde «Udslidt» (1889) ((C)Brandts)

H.A. Brendekilde «Udslidt» (1889) ((C)Brandts)

Паколькі гэта фармальна музей візуальных мастацтваў, а не звычайны мастацкі музей, то вельмі шмат увагі надаецца новым мастацкім формам, пераважна ў часовых выставах. Якраз патрапіў на выставу пад гучнай назвай «Мары пра палёт», прысвечанай пакутлівым і ўзнёслым стасункам чалавекам з лятаннем і авіяцыяй. Чарцяжы летакоў Леанарда да Вінчы, фотаздымкі ўдалых і не вельмі ўдалых эксперыментаў з першымі правобразамі самалётаў, партрэты знакамітых авіятараў, сэксапільныя французскія сцюардэсы ад Крысціяна Дыёра, сучасныя мастацкія эксперыменты на тэму палётаў.

Адмысловае месца адведзена перформансу дацкай мастачкі Сімонэ Ааберг Керн, якая на маленькім, амаль лялечным самалёціку даляцела з Даніі ажно да Кабула, знайшла там 16-гадовую афганку, якая таксама мроіла стаць авіятарам, і навучыла яе лётаць. Натуральна, гэты палёт быў максімальна задакументаваны, а на выставе можна было пабачыць і самалёт, на якім здзяйснялася гэта падарожжа.

Але адтуль ужо бегам на чыгуначны вакзал, бо трэба спяшацца далей да горада Рынгстэд, месца пахавання першых дацкіх каралёў. Яго не знойдзеш у звычайных турыстычных маршрутах, але скіравацца туды мяне падбіў Алег Дзярновіч, які ў свой час напісаў артыкул пра Соф’ю Валадараўну, мінскую князёўну, якая стала жонкай дацкага караля Вальдэмара і нарадзіла яму восем дзяцей.

Але дабрацца да Рынгстэда не так і проста, у тэорыі горад знаходзіцца якраз на шляху паміж Одэнсэ і Капенгагенам, але горад па параўнанні з раннім Сярэднявеччам настолькі падупаў у сваім значэнні, што звычайны цягнік там папросту не спыняецца. То бок, трэба спецыяльна перасаджвацца на рэгіянальную электрычку, каб мець магчымасць выйсці ў гэтым горадзе.

Сапраўды,

гэта ціхі правінцыйны горад, з пустымі вулачкамі, дзе і рабіць няма абсалютна чаго, калі б не сабор святога Бендта, які захаваўся з ХІ стагоддзя (і лічыцца самай старой цаглянай царквой у Даніі). Гэта першы каралеўскі сабор і першае месца пахавання прадстаўнікоў каралеўскай дынастыі.

Сам сабор таксама захаваў шмат даўніх фрэсак, але цікавіла найперш магіла каралевы Соф’і. У адрозненне ад больш позніх шыкоўных мемарыялаў у Роскіле, магілы ў гэтым саборы вельмі аскетычныя, надмагіллі ў форме пліт.

Алег Дзярновіч ля магілы каралевы Соф’і Валадараўны

Алег Дзярновіч ля магілы каралевы Соф’і Валадараўны

Побач дзве магілы — караля Вальдэмара і каралевы Соф’і, паводле паданняў яна была вельмі прыгожай і жорсткай, так, ёй прыпісваюць забойства палюбоўніцы караля. Ведай нашых.

Магіла каралевы была раскапаная археолагамі, быў знойдзены чэрап, які таксама захоўваецца ў саборы.

Ужо ў нацыянальным гістарычным музеі ў Капенгагене каля копіі чэрапа ёсць і рэканструкцыя, як магла выглядаць Соф’я Валадараўна.

Цікава, што гістарычна ў нас было шмат повязей з Поўначчу, асабліва са Швецыяй, і заняпала гэта арыентацыя, боўтаемся на нявызначанай прасторы між Польшчай і Расіяй.

Яшчэ паўгадзіны цягніком і чарговы старажытны горад Даніі — Роскіле.

Ён значна больш вядомы, адна з самых папулярных турыстычных мясцін краіны.

Johan Thomas Lundbye «En dansk kyst. Motiv fra Kitnaes ved Roskilde Fjord» (1843) ((C)Statens Museum for Kunst)

Johan Thomas Lundbye «En dansk kyst. Motiv fra Kitnaes ved Roskilde Fjord» (1843) ((C)Statens Museum for Kunst)

Значную вагу ў гэтым грае музей караблёў вікінгаў.

Роскіле знаходзіцца на беразе ф’ёрда, які мясцовыя вікінгі ў ХІ стагоддзі вырашылі абараніць ад магчымага нападу досыць незвычайным чынам: узялі пяць старых караблёў, напоўнілі іх камянямі і патапілі на ўваходзе ў гавань. У 1920-х гадах рыбакі знайшлі гэтыя караблі, але толькі ў 1962 годзе археолагі рызыкнулі правесці складаную аперацыю, каб дастаць іх з марскога дна. Потым рэшткі караблёў былі акуратна адноўленыя і выстаўленыя для наведвання ў пабудаваным на беразе музеі.

Цікава, што патопленыя караблі аказаліся абсалютна рознатыповымі, за што археолагі таксама вельмі ўдзячныя. Skuldelev 1 — вялікі грузавы карабель (можа пацягнуць да 24 тон грузу), зроблены з нарвежскай сасны, які мог адольваць велічэзныя дыстанцыі. Археолагі стварылі новую рэпліку гэтага карабля, якая паспяхова адолела шлях і да Паўночнай Амерыкі, што пацвярджае інфармацыю саг пра каланізацыю гэтых земляў вікінгамі. Skuldelev 2(4) — доўгі ваенны карабель на 60 вёслах, зроблены з дуба ў Дубліне. З-за яго надзвычайнай даўжыні археолагі напачатку думалі, што гэта рэшткі двух караблёў, адкуль пайшоў збой у нумарацыі. Дарэчы, мой даўні знаёмы бачыў гэты дракар яшчэ колькі год таму ў Брытанскім музеі на часовай выставе «Вікінгі». Skuldelev 3 — невялічкі карабель (экіпаж ад 5 да 8 чалавек), які выкарыстоўваўся для прыбярэжнага гандлю, дацкага паходжання. Skuldelev 5 — невялічкі ваенны карабель, на 26 вёслаў, таксама зроблены ў Даніі. І, нарэшце, Skuldelev 6 — рыбацкі карабель з заходняй Нарвегіі.

Зразумела, што разглядаць рэшткі дракараў цікава толькі заўзятым фрыкам, таму стваральнікі музея паклапаціліся, каб нечым было заняцца і паспалітым людзям.

Так, збоку ад аўтэнтычных караблёў месціцца рэпліка дракара, можна начапіць на сябе вопратку з сярэднявечнага гардэробу і зрабіць унушальнае сэлфі. Побач з асноўным будынкам музея знаходзіцца яго інтэрактыўная частка, дзе можна: 1) за дадатковую плату выбрацца ў мора на адноўленых рэпліках дракараў (ужо не паспеў, якраз дабраўся пад закрыццё музея), 2) навучыцца традыцыйным рамёствам вікінгаў, ад будоўлі дракараў да вырабу вяровак. Зноў жа, вельмі слушны падыход, археалогія мусіць быць цікавай! 

Яшчэ адно прынцыпова важнае месца ў Роскіле — кафедральны сабор, занесены і ў спіс ЮНЭСКА. Узведзены ён быў у ХІІ стагоддзі, шмат разоў дабудоўваўся і перабудоўваўся, але знакаміты не за свой архітэктурны эклектызм, а як месца пахавання дацкіх каралёў. У першай драўлянай царкве, якая тут была ўзведзеная напрыканцы Х стагоддзя, быў пахаваны яшчэ легендарны кароль Гаральд Сінязубы, але як ад царквы, так і ад каралеўскай магілы, нічога не засталося. Тым не менш, з ХV стагоддзя дацкія манархі вырашылі выкарыстоўваць гэты сабор для сваіх пахаванняў, найбольш старажытны саркафаг належыць каралеве Маргрэтэ І (год смерці — 1412).

Саркафаг каралевы Маргрэтэ І

Саркафаг каралевы Маргрэтэ І

Помнік герцагу Крыстафору

Помнік герцагу Крыстафору

У параўнанні з саборам у Рынгстэдзе яскрава заўважна, што суровыя і аскетычныя падыходы ранняга Сярэднявечча перайшлі ў раскошу барочных матываў ці суровую ўзвышанасць неакласіцызму.

Паколькі месца для пышных надмагілляў пастаянна не хапала, то чарговыя прадстаўнікі каралеўскай дынастыі дабудоўвалі ўсё новыя капліцы. Агулам, своеасаблівы парадыз для аматараў дацкай гісторыі, бо можна вывучаць, як сімвалічна ўвасаблялі дасягненні розных каралёў, якія мастацкія стылі панавалі ў іх эпоху, нездарма гэта месца набыло надзвычайную папулярнасць.

Насычаная праграма другога дня вандроўкі на гэтым практычна завяршылася, зрабіў невялічкі пікнік у мясцовым парку, і трэба было выпраўляцца надалей у Капенгаген. Але пра дацкую сталіцу і ваколіцы — у наступных частках маіх нататак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?