Ва Украіне распачаўся праект па інфармаванні школьнікаў пра ўдзел беларускіх добраахвотнікаў у вайне на ўкраінскім баку. У межах праекта ў трох школах Уладзімір-Валынскага адбыліся сустрэчы навучэнцаў з беларускім добраахвотнікам з пазыўным «Зубр».
Арганізатарам праекта з’яўляецца Грамадскі сектар Атрада «Пагоня» пры падтрымцы Народнага дэпутата Украіны Ігара Гузя.
Беларускі баец распавёў, чаму пайшоў абараняць краіну і што бачыў на ўсходзе Украіны, а таксама адказаў на пытанні навучэнцаў.
Найбольш актыўна сустрэча праходзіла ў школе №3 Уладзімір-Валынскага.
«Я не цікавіўся палітычным жыццём Украіны, пакуль не пачаліся падзеі на Майдане. І нават пасля іх не вельмі верыў у тое, што магчымая вайна ў Еўропе ў XXI стагоддзі. Але калі канфлікт набраў абароты, то ўжо стаяць у баку не змог, таму спачатку пайшоў у полк «Азоў», дзе прайшоў курс маладога байца, а далей пераходзіў у іншыя фармаванні, якія стаялі ў найбольш «гарачых» кропках», — пачаў сваю прамову «Зубр».
Баец адзначыў, што за Украіну ў зоне АТА ваююць не толькі беларусы, але і расіяне, палякі, брытанцы, фіны, італьянцы ды прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.
Скончылася сустрэча цёплымі пажаданнямі і фота на памяць.
Акрамя таго, «Зубр» падараваў мясцоваму школьнаму музею, дзе ёсць экспазіцыя, прысвечаная АТА, беларускі нацыянальны сцяг з подпісамі беларускіх добраахвотнікаў.
У бліжэйшы час пройдзе яшчэ шэраг такіх сустрэч у школах іншых раёнаў Украіны.





