Колькасць подпісаў пад анлайн-петыцыяй за з’яўленне вуліцы Слуцкіх паўстанцаў перакрочыла 500. Да канца збору засталося тры дні.

Каардынатар руху «За свабоду» ў Мінскай вобласці Віталь Амяльковіч у пачатку студзеня ініцыяваў збор подпісаў за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Подпіс можна паставіць анлайн на рэсурсе Zvarot.by яшчэ тры дні. 1 лютага подпісы будуць дасланыя адрасатам.

«Случчакі і я асабіста, усе тыя неабыякавыя людзі, каторым важна захаваць памяць пра падзеі Слуцкага збройнага чыну, якія паважаюць свядомы выбар Герояў нашай Бацькаўшчыны, усе мы вельмі ўдзячны тым, хто падтрымаў кампанію па перайменаванні ў горадзе Слуцку вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў», — пракаментаваў прагрэс у зборы подпісаў сайту Pyx.by Амяльковіч.

Па ягоных словах, «актыўнасць случчакоў і падчас рэальнага збору подпісаў, і падчас анлайн кампаніі даказвае, што вуліца Слуцкіх паўстанцаў станоўча ацэньваецца жыхарамі гораду». «Мы робім важную і адказную справу, і не маем права спыняцца», — падкрэсліў Амяльковіч.

Кампанія па змаганні за вуліцу Слуцкіх паўстанцаў будзе працягвацца нават пры адмоўным рашэнні слуцкіх уладаў. Арганізатары ўжо маюць ідэі публічных акцыяў, якія яны правядуць у Слуцку.

Віталь Амяльковіч адзначыў, што «вуліца Слуцкіх паўстанцаў абавязкова з’явіцца ў Слуцку. «І ворагам беларушчыны, і ім памагатым прыйдзецца прыняць гэты факт», — заключыў абласны каардынатар руху «За свабоду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0