Два партрэты, якія доўгі час захоўваліся ў доме Шутовічаў у вёсцы Шутавічы на Смаргоншчыне. На партрэце злева — Янка Шутовіч. 

Два партрэты, якія доўгі час захоўваліся ў доме Шутовічаў у вёсцы Шутавічы на Смаргоншчыне. На партрэце злева — Янка Шутовіч. 

Гэты подпіс стаіць на адваротным баку партрэта Янкі Шутовіча. 

Гэты подпіс стаіць на адваротным баку партрэта Янкі Шутовіча. 

Усе тры карціны захоўваліся ў вёсцы Шутавічы на Смаргоншчыне ў доме, дзе калісьці жылі Шутовічы.

Янка Шутовіч вядомы тым, што ў свой час быў рэдактарам міжваенных часопісаў «Калоссе» і «Студэнцкая думка», а таксама апошнім дырэктарам слыннага Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча.

Яго дзядзька Віктар Шутовіч — славуты ксёндз, які вёў падпольныя парафіі і займаўся асветніцтвам.

«Мы раней ужо былі ў Шутавічах і ведалі, што дом Шутовічаў купіў прадпрымальнік, — распавядае Севярынец. — Сам дом стаіць пусты, а гаспадар ужо гадоў з дзесяць у прыбудове робіць мэблю. Калі мы прыехалі, ён якраз быў на месцы. Даведаўшыся, што мы па справе Янкі Шутовіча, спадар Станіслаў сказаў, што мае яго партрэт».

Цікаўным гасцям гаспадар паказаў карціну з выявай сталага чалавека [на першым фота справа — НН], дзе ўнізе злева паверх фарбы выведзена быццам зваротным бокам пэндзля «C.Znamierowski’66». Гаспадар запэўніў, што на партрэце — Янка Шутовіч.

«Мы сфатаграфавалі карціну і пайшлі аглядаць дом, — працягвае Севярынец. — Пакуль хадзілі, нас пагукаў памочнік спадара Станіслава і запрасіў зірнуць на яшчэ адзін партрэт. Мы пайшлі глядзець і ўбачылі на адваротным баку надпіс «П.Сергіевіч, 195* (апошняя лічба сцёртая)». Сталі аглядаць памяшканне і заўважылі трэцюю карціну, пейзаж, на адвароце якога таксама пазначана «П.Сергіевіч, 1961».

Калі з пейзажам усё зразумела, то да партрэтаў ёсць пытанні. Калі на першым, падпісаным Сергіевічам, намаляваны Янка Шутовіч, то хто на другім? Выглядае, што гэта два розныя чалавекі. І што значыць «C.Znamierowski’66»? Быў такі мастак ці, можа, да карціны мае нейкае дачыненне рэдактар і выдавец Уладзіслаў Знамяроўскі?

На думку беларускага краязнаўцы Міхася Казлоўскага, магчыма, на партрэце сапраўды намаляваны Шутовіч.

«Быццам і не падобны да Янкі, але, з іншага боку, штосьці ад яго ёсць, — кажа спадар Міхась. — Шапка-стаўбун, як на партрэце, у Янкі Шутовіча была, яшчэ ў 30-я гады такую насіў, нават здымкі захаваліся. Былі ў Шутовіча і вусы, не вельмі пышныя. Але гаварыць, што цалкам падобны, то не».

Датычнасць да карціны выдаўца Уладзіслава Знамяроўскага краязнаўцу падаецца малаімавернай, бо пасля вайны той выехаў у Польшчу. Казлоўскі сцвярджае, што і мастака з такім прозвішчам у Заходняй Беларусі не было.

«Гэта не самадзейны мастак, бачна прафесійная рука. Па каларыстыцы вельмі падобна на Сергіевіча. Чаму напісана «C.Znamiarowski’66» — не ведаю, але звычайна мастакі пазначаюць так прозвішча і год стварэння працы, — адзначае краязнавец. — Дарэчы, у Шутавічах жыў родны брат Янкі Вінцэнт, які ў 30-я гады быў актывістам-хадэкам. Імаверна, яны да апошняга падтрымлівалі сувязь. Янка мог прывезці ды падараваць Вінцэнту гэтыя карціны. Але навошта брату ў Шутавічах партрэт Знамяроўскага?»

На думку беларускага навукоўца Арсеня Ліса, няма ніякіх падстаў казаць, што гэта Уладзіслаў Знамяроўскі, знакаміты журналіст і беларускі выдавец, які ў 1920 годзе аднавіў «Нашу Ніву».

«Здаецца, у партрэце ёсць штосьці ад Шутовіча і ў поглядзе, і ў форме твару. Але ўсё ж наўрад ці гэта ён, — кажа Ліс. — Чалавеку на партрэце гадоў 60, можа крыху болей. Янка Шутовіч, вярнуўшыся з турмы, наўрад ці ў гэтым узросце выглядаў бы так. Дый Шутовіч быў прасцейшы. Тут жа твар больш вытанчаны і інтэлігентны».

Спадар Ліс схільны меркаваць, што гэта ўсё ж аўтапартрэт мастака Знамяроўскага, звесткі пра якога калісьці трапляліся навукоўцу на вочы.

Чэслаў Знамяроўскі. Фота czeslawznamierowski.com

Чэслаў Знамяроўскі. Фота czeslawznamierowski.com

І сапраўды, у Вільні большую частку жыцця працаваў мастак Чэслаў Знамяроўскі (1890—1977). Ён нарадзіўся ў невялікай вёсцы Зацішша ў Латгаліі — гэта на ўсходзе Латвіі, непадалёк ад мяжы з Беларуссю, у беднай, але вельмі творчай сям’і. З дзяцінства ён быў акружаны прыродай, і менавіта яна стала галоўнай тэмай яго творчасці.

Аўтар: Чэслаў Знамяроўскі. Фота poishartcorner.wordpress.com

Аўтар: Чэслаў Знамяроўскі. Фота poishartcorner.wordpress.com

Знамяроўскі вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, дзе на яго найбольш паўплывала творчасць Аркадзя Рылова і Ісаака Левітана. Пазней ён працягнуў адукацыю ў Віленскім універсітэце Стэфана Баторыя, куды пайшоў, каб мець магчымасць вучыцца ў вядомага мастака Фердынанда Рушчыца і яго асістэнта, які вёў майстэрню пейзажа і мёртвых натур Аляксандра Штурмана.

«Возера». Аўтар: Чэслаў Знамяроўскі. Фота wikipedia.org

«Возера». Аўтар: Чэслаў Знамяроўскі. Фота wikipedia.org

У 1933 годзе Знамяроўскі стварыў першае Віленскае таварыства незалежных мастакоў, якое адыграла важную ролю ў гісторыі мастацтва.

У 1965 годзе мастак атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтва Літоўскай ССР. 

Фота czeslawznamierowski.com

Фота czeslawznamierowski.com

Знамяроўскі пісаў і партрэты, але галоўнай тэмай яго творчасці былі пейзажы. За 50 гадоў ён стварыў больш за тры тысячы работ. Многія з іх захоўваюцца ў музеях Літвы, Латвіі, ЗША, Швецыі, Германіі і ў прыватных калекцыях.

Чэслаў Знамяроўскі падпісваў свае работы «C.Znamierowski», ставіў дату і пазначаў горад.

Подпіс на трэцяй адшуканай карціне ў Шутавічах вельмі падобны на тыя, што Знамяроўскі пакідаў на іншых сваіх работах. Незразумела толькі, хто ж на самім партрэце?

Што рабіць з нечакана адшуканымі культурнымі скарбамі, іх гаспадар пакуль яшчэ не вырашыў.

«Калі набываў гэты дом, прапанавалі забраць і гэтыя карціны разам з ім. Так яны тут і вісяць ужо гадоў дзесяць», — распавёў спадар Станіслаў.

Навіне, што гэта творы знакамітых мастакоў, ён, канечне, узрадаваўся: «А мо пашанцавала! Бог даў кавалачак шчасця».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?