Федэральны суд у Сіэтле (штат Вашынгтон) прыпыніў дзеянне ўказу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, у якім той распарадзіўся спыніць прыём бежанцаў і выдачу віз грамадзянам сямі дзяржаў, населеных пераважна мусульманамі, піша ВВС.

Дзеянне ўказа прыпыненае па ўсёй краіне да тых часоў, пакуль не будзе разгледжаны пазоў, пададзены ў гэты суд мясцовай пракуратурай. У пазоўнай заяве яна патрабуе прызнаць асноўныя палажэнні ўказа неканстытуцыйнымі і скасаваць яго.

Праз некалькі гадзін стала вядома, што міністэрства юстыцыі ЗША ў бліжэйшы час аспрэчыць рашэнне суда ў Сіэтле.

Пракурор штата Вашынгтон Боб Фергюсон, каментуючы рашэнне прыпыніць дзеянне ўказа, назваў яго сведчаннем перамогі закона ў ЗША. Ён дадаў, што цяпер людзі, якія трапілі пад дзеянне ўказа, зноў змогуць звяртацца па візы.

На яго думку, указ парушае палажэнне амерыканскай канстытуцыі аб роўнасці перад законам, права за свабоду веравызнання, права на справядлівае судовае разбіральніцтва і законы аб іміграцыі.

Прэс-служба Белага дома ў распаўсюджанай заяве назвала ўказ прэзідэнта правамерным і мэтазгодным, падкрэсліўшы, што кіраўнік дзяржавы «мае канстытуцыйнае права і абавязак абараняць амерыканцаў».

Раней стала вядома, што з моманту выдання ўказа былі ануляваныя каля 100 тысяч ужо выдадзеных амерыканскіх віз. У той жа час улады ЗША адзначаюць, што ўсе мігранты з пастаянным дазволам на жыхарства бесперашкодна трапляюць у ЗША.

Указ аб спыненні прыёму бежанцаў і выдачы віз грамадзянам сямі дзяржаў, населеных пераважна мусульманамі, быў падпісаны прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам 28 студзеня.

Указам для грамадзян Судана, Йемена, Лівіі, Самалі, Ірака, Ірана і Сірыі уведзеная 90-дзённая забарона на ўезд у Злучаныя Штаты. Таксама спынены на нявызначаны тэрмін прыём сірыйскіх бежанцаў. Праграма прыёму бежанцаў з іншых краін замарожаная на 120 дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?