На пабудове касцёла ў Котаўцы ўжо можна ставіць кропку. Святыні ў скверы не будзе. Пра гэта карэспандэнту часопіса «Ave Maria» паведаміў пробашч парафіі свв. Апосталаў Пятра і Паўла і Яўгена дэ Мазэно айцец Дзмітрый Занямонскі ОМІ.

«Касцёл у скверы Котаўка не будзе пабудаваны. Нам быў прапанаваны новы ўчастак зямлі, і мы далі згоду на яго. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч гэтую прапанову зацвердзіў. Цяпер вядзецца праца па падрыхтоўцы неабходнай дакументацыі», — распавёў а. Дзмітрый.

Паводле словаў святара, новы ўчастак для будаўніцтва касцёла будзе размешчаны «ў зоне грамадскай забудовы па вуліцы Някрасава».

«Нейкую частку раней распрацаванага праекта касцёла трэба змяніць. Напрыклад, звязаную з падмуркам і сеткамі, таму што гэта новая тэрыторыя, а значыць — ужо новыя ўмовы», — заўважыў айцец Дзмітрый у сваім каментары.

Нагадаем, што першапачаткова святыню планавалася пабудаваць у мінскім скверы Котаўка. Для гэтага будаўніцтва, паводле словаў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, быў атрыманы неабходны дазвол ад прэзідэнта, аднак у маі мінулага года, калі ў сквер прыехала брыгада «Зелянбуду», каб падрыхтаваць участак і высекчы неабходную частку дрэваў, ёй перашкодзіла група мясцовых жыхароў і актывістаў «Зялёнай сеткі». Пратэстуючыя заяўлялі, што будаўніцтва не мае законных падставаў.

У выніку шматлікіх пратэстаў «зялёных» і мясцовых жыхароў будаўніцтва было прыпынена да снежня 2016 года, калі сітуацыя паўтарылася. Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац заявіў на прэс-канферэнцыі, што, «хутчэй за ўсё, у скверы нічога будаваць не будзем». Такім чынам, будаўніцтва было спынена, а потым перанесена ў іншае месца.

Першапачатковай і прыярытэтнай задачай для мінскіх аблатаў сёння з’яўляецца пабудова касцёла ў новым месцы.

«Важна, каб у нас з’явілася сваё месца малітвы, сустрэчы і катэхізацыі, бо без гэтага развіццё парафіі ці нейкае яе жыццё, немагчымае», — падкрэсліў айцец Дзмітрый Занямонскі ОМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0