Як стала вядома «Прессболу» з неафіцыйных крыніц, Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) зняла прэтэнзіі да беларускага канаіста Максіма Пятрова, у якога было выяўлена нязначнае перавышэнне канцэнтрацыі мельдонію ў допінг-спробе, узятай на трэніровачным зборы ў Францыі вясной мінулага года.

Такім чынам, з мужчынскай беларускай каманды знятыя абсалютна ўсе падазрэнні ў выкарыстанні забароненых прэпаратаў.

Сам Пятроў у размове з карэспандэнтам «Прессбола» гэтую інфармацыю пацвердзіў.

Нагадаем, што 23 студзеня Спартыўны арбітражны суд (CAS) у Лазане адмяніў гадавую дыскваліфікацыю мужчынскай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, накладзеную Міжнароднай федэрацыяй каноэ (ICF) з-за падазрэнняў у парушэнні антыдопінгавых правілаў.

А за пару дзён да гэтага Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі атрымаў афіцыйнае паведамленне ад французскага антыдопінгавага агенцтва, у якім казалася, што прэтэнзій да чатырох з пяці беларускіх весляроў, якія падазраваліся ў парушэнні антыдопінгавых правілаў па выніках збораў у Францыі ў красавіку 2016 года, няма. Гэта Андрэй і Аляксандр Багдановічы, Аляксандр Ляпешка, Дзмітрый Сільчанка.

Заставаўся адзін Максім Пятроў, у якога было нязначнае перавышэнне ўтрымання мельдонію. Цяпер WADA зняла прэтэнзіі і па дачыненні да яго.

Беларусь будзе рыхтаваць пазоў у суд у Швейцарыі аб кампенсацыі маральнай шкоды, які панесла каманда ў сувязі з нядопускам на Алімпійскія гульні і беспадстаўным зняццем на паўгода ад трэніровачнага працэсу і міжнародных стартаў. Таксама беларускі бок мае намер падаць пазоў аб кампенсацыі выдаткаў на падрыхтоўку каманды да Алімпіяды за чатыры гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?