Парламенцкая дэлегацыя Польшчы плануе наведаць Беларусь 15—17 лютага, паведамляе сайт Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
У склад дэлегацыі ўвойдуць члены польска-беларускай парламенцкай групы сейма на чале з яе сустаршынёй Адамам Андрушкевічам.
Як раней паведамляў БелаПАН, беларуская парламенцкая дэлегацыя знаходзілася з візітам у Польшчы з 30 студзеня па 2 лютага. Ніжнюю палату беларускага парламента прадставілі намеснік старшыні Баляслаў Пірштук і старшыня камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі.
31 студзеня на сустрэчы дэлегацыі са старшынёй сената Польшчы Станіславам Карчэўскім і намеснікам старшыні Сейма Рышардам Тарлецкім было заяўлена пра гатоўнасць да дыялогу і супрацоўніцтва. Паводле інфармацыі прэс-службы Палаты прадстаўнікоў, бакі дамовіліся «паслядоўна развіваць беларуска-польскае супрацоўніцтва, а таксама сышліся ў меркаванні аб тым, што парламенты абедзвюх краін павінны іграць важную ролю ў актывізацыі гэтага ўзаемадзеяння».
Гэта ўжо трэці візіт польскіх парламентарыяў у Беларусь за апошні час. Парламенцкая дэлегацыя Польшчы на чале з Тарлецкім наведвала Беларусь 2—4 жніўня 2016 года. Дэлегацыя сената на чале з Карчэўскім працавала ў Мінску 5—6 снежня.





