У Расіі не сціхае абмеркаванне выступу Аляксандра Лукашэнкі перад журналістамі і экспертамі, які адбыўся 3 лютага ў будынку «Белэкспа». Лідар Беларусі дазволіў сабе некалькі рэзкіх выказванняў у адрас Расіі і яе кіраўнікоў.
Адным з першых выказаўся Уладзімір Жырыноўскі, лідар партыі ЛДПР. Ён часта выступае ў ролі палітычнага блазна Расіі, дазваляе гаворыць сабе тое, што не адважваецца выказваць палітычнае кіраўніцтва краіны.
«Ёсць такая руская прымаўка: ласкавае цяля дзвюх матак ссе. Вось беларускі кіраўнік усё, што можна, высмактаў з Расіі, але мы ўжо кажам: колькі ж можна? Што хоча Лукашэнка? Асобная дзяржава, але кошты няхай будуць унутрырасійскімі. З якой нагоды? Тады давайце вы будзеце часткай нашай дзяржавы. І вось сядзіць: дай Расія, дай Еўрасаюз. Як добра», - сказаў Жырыноўскі на з’ездзе ЛДПР.
Расійскі прапагандыст Мікалай Старыкаў, якога восенню 2015 года прымалі ў Беларусі, Вадзім Гігін запрашаў яго да ўдзелу ў перадачы на дзяржаўным тэлебачанні. Цяпер Старыкаў піша:
«Здзейсніўшы цэлы шэраг, мякка кажучы, несяброўскіх крокаў, у дачыненні да Масквы, Лукашэнка хоча працягваць атрымліваць ад яе цэлы шэраг эканамічных прэферэнцыяў. Прычым — ва ўсё нарастаючым аб'ёме. Крэмль дае зразумець — гэтага больш не будзе. Мы Вас любім і паважаем. І таму домік у Растове заўсёды будзе. Расія прыняла нават Януковіча, якога ніхто ў Расеі не любіў і не паважаў, што казаць пра бацьку?! Цалкам відавочна, што далейшы дрэйф у бок Захаду скончыцца для яго стратай улады па ўкраінскім узоры».
Адзін з галоўных прапагандысцкіх сайтаў Расіі life.ru б’е ў званы, што Лукашэнка пачаў «беларусізацыю». Усе гаспадарчыя праблемы — гэта не істотна.
«А вось з «беларусізацыяй» — горш. Вядома, няма нічога дрэннага ў тым, што людзі будуць размаўляць па-беларуску, па святах насіць вышыванкі, вывучаць нацыянальную культуру. Горш тое, што ў «пакеце» з паказаным прапануецца яшчэ і альтэрнатыўная гісторыя. У гэтай гісторыі Аршанская бітва падаецца як перамога беларусаў над Масквой; Айчынная вайна 1812 года пазбаўляецца прыметніка «айчынная» (тыпу гэта была вайна паміж дзвюма імперыямі, а беларусы тут проста апынуліся на дарозе); Вялікае Княства Літоўскае аб'яўляецца нацыянальнай дзяржавай беларусаў, а Расійская імперыя і СССР выстаўляюцца ледзь не чужымі беларусам краінамі; змагары за незалежнасць Польшчы і
лютыя русафобы тыпу Кастуся Каліноўскага абвяшчаюцца чамусьці беларускімі нацыянальнымі героямі. Добра, што хоць да Вялікай Айчыннай пакуль не дацягнуліся, хоць, баюся, што ўсё наперадзе. Ва Украіне ж таксама пачыналася ўсё больш сціпла — з прызыву абараніць «рiдну мову», а скончылася заклікамі вешаць маскалёў, паходневымі шэсцямі і помнікамі Бандэру», — піша дырэктар Цэнтра геапалітычных даследаванняў Інстытута інавацыйнага развіцця Дзмітрый Радзівонаў.
Шэф-рэдактар сайта «Рэгнум», былы жыхар Мінска Юрый Баранчык перакананы, што гэта пачатак канца Лукашэнкі.
«Лукашэнка застаўся адзін — як чалавек, так і ў кіраванні краінай. Эліта ўжо не яго. Далёка не яго. Гэтыя людзі будуць толькі сядзець да апошняга і чакаць, калі ўсё скончыцца, каб потым пад шумок новай улады раздзярбаняць спадчыну Савецкай Беларусі. Яны ўжо аб усім дамовіліся. Тут і сілавікі не дапамогуць.
Таму апошняя прэс-канферэнцыя выглядала як вялікая асабістая параза Лукашэнкі і як чалавека, і як прэзідэнта. Інакш — навошта больш за 7 (!!) гадзін пераконваць прысутных у тым, як усё добра, як усё кантралюецца, і дзяліцца тымі абсалютна другаснымі і непатрэбнымі падрабязнасцямі, якія гэтыя людзі і так выдатна ведаюць, у той час як галоўныя пытанні засталіся без адказу? Гіперінфляцыя вышэйшай улады ў наяўнасці», — перакананы Баранчык.
Андрэй Суздальцаў, які доўгі час жыў у Беларусі, пакуль не быў дэпартаваны ў Расію айчыннымі спецслужбамі, піша, што наскокі Лукашэнкі на Расію можна ахарактарызаваць як «слон і моська».
«А. Лукашэнка, калісьці таленавіты папуліст, цяпер як папугай, няспынна паўтарае перад беларускім палітычным класам сваё: «Вы не бывалі на Таіці?», Пагражае кулачком ў бок адкрыта ігнаруючай яго Масквы, але сітуацыя не змяняецца: Рэспубліцы тэрмінова патрэбныя нафта і грошы, а з А.Лукашэнкам у РБ іх, амаль напэўна, не будзе».





