Цела загінулага беларуса Віталя Мяліка паліцыя знайшла на запраўцы 3 лютага, каля 11 гадзін вечара. Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Норкас, штат Джорджыя. Паліцыя шукае падазраваных у здзяйсненні злачынства, паведамляе Tut.by.
Фота з сайта gofundme.com
Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, у ходзе расследавання паліцыя высветліла, што Віталь Мялік зайшоў у краму на заправачнай станцыі. Затым унутр увайшлі двое падазраваных, адзін з якіх здзейсніў куплю. Калі падазраваныя выйшлі на вуліцу, паміж імі і Мялікам завязалася спрэчка, якая перарасла ў сварку. Адзін з падазраваных дастаў са сваёй машыны вінтоўку і застрэліў Мяліка.
Як адзначаюць у паліцыі, цела імігранта з Беларусі ляжала на сярэдзіне паркоўкі. Аўтамабіля побач не аказалася. Дэтэктывы падазраюць, што Мялік прыехаў на запраўку разам са сваімі забойцамі.
Загінуламу было 33 гады. У Мінску ў Віталя засталася сям'я — жонка Кацярына і двое дзяцей, малодшай дачцэ ўсяго 4 месяцы.
«Летам Віталь павінен быў атрымаць грамадзянства, і мы з сынам і дачкой збіраліся пераехаць да яго», — распавяла Кацярына.
Цяпер яна займаецца атрыманнем амерыканскай візы. Сваякі загінулага абвясцілі на сайце GoFundMe збор сродкаў, каб жанчына магла паехаць у Амерыку развітацца з мужам.





