Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 7 лютага вынесла прысуд 64-гадоваму жыхару Кобрынскага раёна за забойства 22-гадовага жыхара Жабінкі.
Як паведаміла БелаПАН памочнік старшыні Брэсцкага абласнога суда Марына Скалковіч, пенсіянер прызнаны вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойства) з хуліганскіх меркаванняў (п. 13 ч. 2 арт. 139 КК), асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК) і прыгавораны да 16 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Судом вырашаны грамадзянскі іск пацярпелай аб кампенсацыі маральнай шкоды.
Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Злачынства было ўчынена 6 жніўня 2016 года ў краме ў вёсцы Грушава Кобрынскага раёна. Пенсіянер ў стане алкагольнага ап'янення пагражаў кампаніі маладых людзей, аднаму з якіх нанёс удар нажом у вобласць грудной клеткі.
У выніку колата-рэзанага ранення 22-гадовы жыхар Жабінкі памёр на месцы. З маладым чалавекам фігурант крымінальнай справы знаёмы не быў.
Са слоў відавочцаў, ніхто з кампаніі маладых людзей пенсіянера не правакаваў.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі вяскоўца па месцы жыхарства, дзе ён піў віно і глядзеў тэлевізар. Пры сабе ў пенсіянера быў нож, на яго адзенні знойдзены сляды крыві загінулага.





