У Ветцы затрымалі арганізаваную групу паляўнічых-браканьераў, паведаміла БЕЛТА спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі Вольга Грамовіч.

«У Ветцы затрыманыя паляўнічыя-нелегалы, якія даўно былі на падазрэнні ў праваахоўнікаў. Каб злавіць гэтую арганізаваную групу з доказамі злачынства, дзяржінспектары Гомельскай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету працавалі разам з калегамі з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй і супрацоўнікамі ДАІ. Парушальнікаў у розных пунктах чакалі тры экіпажы», — распавяла Вольга Грамовіч.

Адзін з экіпажаў у 4 гадзіны раніцы спыніў машыну падазраваных на ўездзе ў горад. Пры аглядзе аўтамабіля, у якім ехалі трое гамяльчан, дзяржаўтаінспектар выявіў стрэльбу і торбу з мясам. «Калі парушальнікі зразумелі, што ўладзіць пытанне не атрымаецца, перайшлі да агрэсіўных дзеянняў. Адзін напаў на супрацоўніка ДАІ, яго 19-гадовы сын схапіў зброю і паспрабаваў уцячы. Дэбашыраў затрымалі экіпажы, якія падаспелі на дапамогу, цяпер браканьеры знаходзяцца ў следчым ізалятары», — удакладніла Вольга Грамовіч.

У лясным масіве каля дарогі Ветка-Свяцілавічы, адкуль прыехалі парушальнікі, дзяржінспектары Гомельскай МРІ знайшлі месца здабычы казулі — яе мяса, хутчэй за ўсё, і перавозілі браканьеры. «Акрамя гэтага, у доме затрыманых знойдзена яшчэ каля 50 кг мяса, як мяркуецца, лася, а таксама фрагменты шкуры і рогі гэтай жывёлы. Акрамя таго, у доме захоўваліся тры стрэльбы — дзве з іх зарэгістраваныя, прыналежнасць трэцяй высвятляецца. Распачатая крымінальная справа», — дадала Вольга Грамовіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0