«Белавія» плануе ў 2017 годзе пашырыць пералік анлайн-паслуг, паведаміў БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях ААТ «Авіякампанія «Белавія» Уладзімір Баркун.

«У першую чаргу мы плануем пашырыць функцыянальнасць асабістага кабінета пасажыра. Цяпер пасажыру будзе прадастаўленая магчымасць праглядаць гісторыю сваіх палётаў, а таксама існуючыя браніраванні. З'явіцца магчымасць змяніць дату вылету — і ў выпадку, калі гэта прадугледжана правіламі, анлайн даплаціць збор за змяненне браніравання. Калі ў вас памяняліся планы і вы проста не ляціце, можна будзе ў рэжыме анлайн вярнуць грошы», — адзначыў ён.

Уладзімір Баркун таксама распавёў, што на сайце авіякампаніі з'явіцца паслуга One click.

«Пасажыры змогуць зарэгістраваць сваю карту на сайце, і надалей, калі ім трэба будзе купіць квіток, не прыйдзецца ўводзіць дадзеныя карты. Гэта заўсёды доўга, а так усе дадзеныя будуць захоўвацца ў сістэме», — растлумачыў ён. Таксама ў 2017 годзе будуць пашыраныя магчымасці Rail@Fly — гэта магчымасць набыць камбінаваны квіток, які дазваляе ажыццявіць авіяпералёт і далей ехаць цягнікамі чыгункі любога тыпу з неабходнымі перасадкамі. Адпаведнае пагадненне «Белавія» падпісала з Нямецкімі чыгункамі ў 2011 годзе. Цяпер купіць такі квіток можна будзе і анлайн, да гэтага яны прадаваліся толькі ў касах авіяперавозчыка.

Намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях нагадаў, што на сайце авіякампаніі цяпер максімальна скарочаная колькасць крокаў, неабходных для куплі квіткоў. Таксама ўжо рэалізаваная функцыя аўтаматычнага распазнавання пашпартоў, гэтай магчымасцю карыстаюцца каля 20% пасажыраў.

Кажучы пра праблемы з сайтам «Белавія», якія назіраліся падчас маштабнай акцыі да дня нараджэння авіякампаніі ў сакавіку 2016 года, Уладзімір Баркун падкрэсліў, што ўсе памылкі ўлічаныя. «Мы памянялі правайдэра, які аказваў паслугу хостынгу сайта. І ўжо наступныя дзве акцыі паказалі, што збояў не было. Хоць па лістападаўскай акцыі было зафіксавана 20-разовае павелічэнне нагрузкі на сайт», — канстатаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0