ЗАТ «Еўраопт» 7 лютага пачынае продаж сваіх аблігацый, выпушчаных для юрыдычных асоб і насельніцтва, паведамілі ў кампаніі.

Намінал адной каштоўнай паперы — 1000 даляраў ЗША. Аб'ём эмісіі — 8 млн даляраў ЗША. Стаўка даходу фіксаваная і роўная 10,5% гадавых. Тэрмін абарачэння аблігацый — пяць гадоў.

Купіць аблігацыі ЗАТ «Еўраопт» можна ва ўстановах «Беларусбанка», спіс якіх даступны на сайце банка. Купля робіцца ў доларах ЗША. Для куплі аблігацый фізічным асобам неабходна мець пры сабе пашпарт.

«Беларусбанк» адкрые пакупніку рахунак «дэпо», на якім будуць захоўвацца набытыя аблігацыі. Адначасова ў банку адкрыюць бягучы рахунак, на які ў далейшым будуць залічвацца працэнты, а таксама сродкі ад датэрміновага выкупу і пагашэння аблігацый (для гэтых мэтаў могуць быць выкарыстаныя ўжо наяўныя ў інвестара ў «Беларусбанку» рахункі або банкаўскія аплатныя карты).

Далей афармляецца даручэнне на куплю аблігацый, пакупнік аплачвае неабходную грашовую суму, і па выніках таргоў на біржы набытыя аблігацыі залічваюцца на рахунак «дэпо» пакупніка, які становіцца ўладальнікам аблігацый.

Даход па аблігацыях будзе выплачвацца адзін раз на год. Выплата будзе праводзіцца ў беларускіх рублях па курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на дату выплаты даходу. Для атрымання належных пакупніку сум у валюце эмісійныя дакументы даюць любому ўладальніку аблігацый магчымасць штогадовага продажу аблігацый эмітэнту праз сістэму Беларускай валютна-фондавай біржы. У гэтым выпадку інвестар (пакупнік) атрымае свой прыбытак і намінал аблігацый у валюце. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам вызваляюцца ад падаходнага падатку даходы фізічных асоб, атрыманыя па аперацыях з аблігацыямі.

Азнаёміцца з праспектам эмісіі другога выпуску аблігацый ЗАТ «Еўраопт» можна ў цэнтрах абслугоўвання «Беларусбанка».

ЗАТ «Еўраопт» створанае ў 1995 годзе. Асноўнымі відамі дзейнасці на гэты момант з'яўляюцца здача ў арэнду ўласнай нерухомай маёмасці, вытворчасць электрычнай і цеплавой энергіі, аказанне паслуг тэхнічнага нагляду за будаўніцтвам і паслуг па правядзенні электрафізічных вымярэнняў на аб'ектах. Ключавым партнёрам ЗАТ «Еўраопт» з'яўляецца сетка магазінаў «Еўраопт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?