Улады павінны асцярожна і разумна падыходзіць да праблемы аптымізацыі бібліятэчных фондаў. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні савета Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі 7 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай 30-годдзю фонду.
З 2010 года ў Беларусі колькасць публічных бібліятэк скарацілася больш як на дзве тысячы (2.180), адзначыў ён. На думку Стружэцкага, такое вялікае скарачэнне становіцца «сур'ёзнай праблемай грамадства».
«Наша задача — абвастраць праблемы бібліятэчнай справы, бараніць і прыцягваць увагу дзяржаўных, мясцовых органаў, каб вельмі асцярожна і разумна падыходзілі да праблемы аптымізацыі, скарачэння, перамяшчэння і асабліва захавання бібліятэчных фондаў», — адзначыў Стружэцкі.
Паводле яго слоў, фонды, якія сёння знаходзяцца ў мясцовых раённых бібліятэках, ужо «не будуць узнаўляцца і, хутчэй за ўсё, не будуць пераведзеныя ў электронны варыянт». Таму, падкрэсліў ён, трэба захаваць кніжныя аўтэнтычныя матэрыялы, якія павінны будуць служыць яшчэ не аднаму пакаленню.
Згодна са звесткамі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Беларусі, у краіне больш за сем тысяч бібліятэк, у тым ліку прыблізна тры тысячы публічных, якія робяць важкі ўнёсак у павышэнне прававой інфармаванасці і прававой культуры грамадзян. На іх базе функцыянуюць больш за 580 публічных цэнтраў прававой інфармацыі, якія даюць свабодны доступ грамадзянам да эталоннай прававой інфармацыі, садзейнічаюць правядзенню мерапрыемстваў па прававой асвеце грамадзян.





