Амбасады ЗША могуць абавязаць замежных грамадзян, якія падаюць заяву на атрыманне візы, прадастаўляць паролі ад акаўнтаў у сацыяльных сетках, паведаміў міністр унутранай бяспекі краіны Джон Келі.
Паводле яго слоў, гэтая мера можа быць прынятая ў рамках плана па ўзмацненні жорсткасці праверак замежнікаў, якія могуць уяўляць пагрозу для бяспекі ЗША, піша ВВС.
Гэта павінна закрануць перш за ўсё сем краін з пераважна мусульманскім насельніцтвам, грамадзянам якіх быў забаронены ўезд у краіну паводле міграцыйнага ўказа прэзідэнта Дональда Трампа. Федэральны суддзя Сіэтла наклаў забарону на выкананне гэтага ўказа.
«Вельмі складана па-сапраўднаму праверыць людзей з гэтых краін… Але калі яны ўязджаюць, то мы павінны ведаць, якія інтэрнэт-сайты яны наведваюць, і атрымаць іх паролі. Такім чынам, мы ўбачым, што яны робяць у сеціве», — растлумачыў Келі, выступаючы на слуханнях у камітэце па ўнутранай бяспецы палаты прадстаўнікоў ЗША.
Па словах міністра, калі заяўнікі не хочуць супрацоўнічаць з уладамі ЗША, то яны не будуць мець права ўязджаць у краіну.
Пры гэтым Келі падкрэсліў, што пакуль ніякіх рашэнняў па гэтым пытанні не прынята.





