На пачатку лютага не стала яшчэ аднаго лідара «Наваросіі» — «Гіві» спалілі стрэлам з агнямёта ва ўласным кабінеце.
Зрэшты, амаль усе тыя, хто яшчэ пару гадоў таму свяціўся на расійскім ТБ у вобразе героя, ужо скончылі жыццё — маладымі, гвалтоўна і заўчасна, пакінуўшы сем’і і пацягнуўшы за сабой набліжаных.
І пакуль людзі гадаюць, хто стаіць за забойствамі палявых камандзіраў, «Наша Ніва» вырашыла прыгадаць, як яны сыходзілі.
Бядноў
Адным з першых у іншы свет адправіўся Аляксандр «Бэтмэн» Бядноў. Кіраўнік аднайменнай баявой групы, «міністр абароны ЛНР».
Ён загінуў у першы дзень 2015 года ў выніку абстрэлу ягонай калоны з агнямётаў і стралковай зброі. Абгарэлы труп Бяднова пасля апазналі тыя паплечнікі, якім пашчасціла застацца ў жывых.
Бяднова расстралялі свае ж — па версіі «уладаў ЛНР» бэтмэнаўцы займаліся рабаваннямі, вымагальніцтвам, выкраданнямі і загінулі ў перастрэлцы пры затрыманні.
Да пачатку «рускай вясны» Бядноў працаваў ахоўнікам у начным клубе.
«Баця»
Яшчэ адной адчувальнай стратай для расійскага ТБ стаў Павел Дромаў з мянушкай «Баця».
«Бацю» забілі з асаблівым цынізмам — машыну падарвалі кіраваным выбухам у момант, калі той ехаў святкаваць уласнае вяселле на малую радзіму.
Так у 39 гадоў абарвалася жыццё казацкага «генерал-маёра», які да вайны працаваў мулярам і ніколі не насіў пагонаў вышэй за сяржанцкія, але ў «ЛНР» стаў кіраваць палком міліцыі.
Арсень Паўлаў («Матарола»)
«Матарола» — чалавек, узлёт і падзенне якога непасрэдна звязаныя з ліфтамі.
Спачатку сацыяльны ліфт «Наваросіі» узвысіў гэтага аўтамыйшчыка з сярэдняй адукацыяй да «палкоўніка» і кіраўніка батальёна, а ў ліфце ўласнага пад’езда яго ўзарвалі.
Гэты адыёзны палявы камандзір не раз хваліўся, што ўласнаручна расстрэльваў палонных украінскіх салдат. Пры канцы жыцця Паўлаў адчуваў небяспеку і атачыў сябе целаахоўнікамі, але гэтым не выратаваў ні сябе, ні іх, загінуўшы ў 33 гады.
Мазгавой
Яшчэ адзін папулярны палявы камандзір Аляксей Мазгавой да вайны спяваў у мужчынскім хоры і працаваў у ваенкамаце, а з пачаткам вайны стаў кіраўніком батальёна «Прывід».
Падчас вайны Мазгавы адчуў смак улады, што выразілася ў тым ліку ў загадзе арыштоўваць луганскіх жанчын за наведванне бараў.
Але скончыў Мазгавы не вельмі арыгінальна — яго расстралялі ў машыне разам з парай паплечнікаў.
Міліцыянер Алег Анашчанка
Яшчэ аднаго кіраўніка баевікоў — «начальніка народнай міліцыі ЛНР» — Алега Анашчанку таксама ліквідавалі ў машыне, проста ўзарваўшы яе падчас руху.
Яўген Ішчанка
«Народнага мэра» Першамайска, які сам паходзіў з Расіі, проста расстралялі пасярод вуліцы разам з парай паплечнікаў.
Гэта быў адзін з самых папулярных «казацкіх генералаў» у ЛНР, які пагражаў мясцовым жыхарам смерцю за нязручныя пытанні пра тое, чаму баявікі ставяць гарматы ў жылых раёнах горада.
Генадзь Цыпкалаў
Іншы дзеяч «ЛНР» — экс-«прэм'ер-міністр» Генадзь Цыпкалаў павесіўся ў турме ў 43 гады. Зрэшты, як сцвярджаюць некаторыя калегі Цыпкалава, таго насамрэч задушылі, проста абставіўшы справу як самагубства.
У гэтым шэрагу можна ўспомніць яшчэ «казацкага камандзіра» Мікалая Казіцына, якому, праўда, пашчасціла — у міжсабойнай перастрэлцы забілі амаль усіх яго людзей, але самому Казіцыну ўдалося ўцячы і схавацца ў Расіі.
Прыкладна такі ж лёс у Гіркіна-Стралкова і Безлера. Яны ўцяклі з зоны баявых дзеянняў і цяпер адседжваюцца ў спакойных месцах, часам папісваючы ў сацыяльных сетках.
Праўда, уцёкі не гарантуюць ціхага жыцця.
Зусім нядаўна ў Расіі раптоўна памерлі яшчэ два былых функцыянеры «Наваросіі» — Яўген Жылін і Валерый Болатаў.
Першы з іх быў кіраўніком арганізацыі «Аплот», разам з Захарчанкам штурмаваў Данецк, пасля зрабіў са сваёй арганізацыі ваенізаваны корпус.
Яўген Жылін.
Жыццё Жыліна абарвалася ў падмаскоўным рэстаране, дзе яго ва ўпор расстралялі невядомыя.
Болатаў жа быў «народным губернатарам Луганскай вобласці». Гэта ягоныя людзі пры ўдзеле «сяброў з Расіі» штурмавалі Луганскае СБУ. Праўда, праз нейкі час Болатаў звольніўся, пакінуўшы пасаду кіраўніка ЛНР Платніцкаму, і пераехаў у Расію, распачаўшы бізнес.
Валерый Болатаў.
Ён памёр у няясных абставінах. Магчыма, на адной з дзелавых сустрэч яго атруцілі — ён пражыў яшчэ дзень, паспеўшы паскардзіцца жонцы на кепскае самаадчуванне пасля выпітай са знаёмымі кавы.
У Болатава засталіся дзеці.
Таксама варта прыгадаць Сяргея Траццякова, які быў «намеснікам міністра прамысловасці і гандлю ДНР». Траццякоў браў актыўны ўдзел у арганізацыі псеўдарэферэндумаў і займаўся размеркаваннем гуманітаркі. Сёлета, у адзін дзень з Болатавым, ва ўзросце 40 гадоў ён «раптоўна» памёр ад невядомых прычын.
Жывымі (пакуль?) застаюцца Барадай, Губараў ды Пушылін, былы кіраўнік данецкага АМАПа Хадакоўскі, а таксама кіраўнікі калібра Захарчанкі ды Платніцкага, якія ўжо перажылі замахі.
Вайна, махавік якой раскруцілі з дапамогай гэтых людзей, не шкадавала нікога — дый самі яны атрымлівалі асалоду ад улады вельмі кароткі час.





