Брыфінг украінскага МУС прайшоў 8 лютага. Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў паведаміў, што следства дазволіла вынесці на публіку толькі частку інфармацыі аб справе.
Па справе дапыталі 1850 чалавек, апрацоўваецца 150 тысяч тэрабайт інфармацыі з камер відэаназірання. Таксама следчыя працуюць з прыватнымі дзённікамі Шарамета.
Была праведзеная і экспертыза выбуховай прылады. Выбухоўка была супрацьпяхотнай мінай з самаробным электрычным дэтанатарам, якую побытавымі магнітамі прычапілі да дна машыны пад месца кіроўцы.
Таксама ёсць у справе і падазраваныя.
У розныя дні адны і тыя ж людзі — мужчына і жанчына — прагульваліся па тым жа месцы, прыглядаючыся да камер назірання. Яны перыядычна мянялі знешнасць, падчас шпацыраў здымалі камеры на свае гаджэты, прыглядаліся да завулкаў побач.
Іх заўважылі якраз з дапамогай тых самых камер назірання.
Выбухоўку заклалі ўначы — імаверна, гэта была жанчына. Працэс закладкі склаў 10 секунд.
Удзень імаверна яна ж — у парыку і сонечных акулярах — і прывяла ў дзеянне выбухоўку. Затым пайшла ў метро.
То бок, на думку следства, забойства арганізавала група асоб.
«Не выключаем версію забойства, замова на якое паступіла з Расійскай Федэрацыі», — сказаў Авакаў.
Нагоды так лічыць, на яго думку, наступныя: Шарамет быў блізкім сябрам Нямцова. Уладзімір Кара-Мурза, былы памочнік і сябар Немцова, быў у Кіеве за тры дні да забойства Шарамета. Сустракаўся з журналістам, абмяркоўваў дапамогу таго ў стварэнні фільма пра Нямцова. Пасля Шарамет быў забіты. Неўзабаве невядомыя атруцілі і Кара-Мурзу.
Таксама, падкрэсліў Авакаў, аналагічныя метады «працы» забойцаў выкарыстоўваліся пры спробе забойства Антона Герашчанкі — украінскага дэпутата, які ствараў базу даных тэрарыстаў.
Дарэчы, у расследаванні справы украінскай паліцыі дапамагалі эксперты ФБР.
Таксама галоўнае следчае ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі Украіны назвала пяць версій аб матывах рэзананснага забойства Паўла Шарамета. Яны наступныя:
- прафесійная дзейнасць на тэрыторыях РФ і Беларусі;
- памылка ў аб'екце злачынства, а менавіта — рыхтавалася забойства ўладальніка «Украінскай Праўды» Алены Прытулы;
- прафесійная дзейнасць (менавіта за яго крытычныя публікацыі ва «УП» і выступы на радыё «Весці»);
- дэстабілізацыя сітуацыі ў дзяржаве, накіраваная на фармаванне лжывага негатыўнага ўспрымання грамадска-палітычнай сітуацыі ва Украіне;
- канфліктныя сітуацыі ў асабістым жыцці Паўла Шарамета адносна яго сямейнага, камерцыйнага і фінансавага становішча.
Прыярытэтнай версіяй з’яўляецца ўсё ж прафесійная дзейнасць журналіста.
Нагадаем, вядомы журналіст Павел Шарамет быў забіты ў Кіеве раніцай 20 ліпеня. Яго ўзарвалі ва ўласным аўтамабілі ў цэнтры горада.





