Карыстальнікі, якія вядуць анлайн-трансляцыі на YouTube, змогуць атрымаць грошы за прагляды свайго кантэнту з дапамогай сэрвісу Super Chat. Пра гэта паведамляецца ў блогу відэасэрвісу, перадае republic.
Першапачаткова функцыя будзе даступная карыстальнікам, колькасць падпісчыкаў якіх перавышае 10 тысяч, астатнім доступ да гэтага сэрвісу стваральнікі абяцаюць даць «у бліжэйшы час». Першымі функцыю паспрабуюць блогеры з 20 краін свету і гледачы з 40 дзяржаў.
Глядач, які глядзіць анлайн-трансляцыю, зможа «купляць» паведамленні ў агульным чаце, якія будуць вылучацца асобным колерам і знаходзіцца над усімі каментарамі тэрмінам да пяці гадзін.
«Super Chat дае гледачам магчымасць дадаць трохі візуальнага складніку да іх чатаў, а стваральнікам дае новы спосаб падтрымліваць сувязь са сваімі прыхільнікамі, зарабляючы пры гэтым трохі грошай», — адзначылі ў YouTube.





