Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку ў сувязі з экстрадыцыяй у Баку расійскага блогера Аляксандра Лапшына. Пра змест тэлефоннай размовы двух лідараў паведамляецца на сайце кіраўніка Азербайджана.
Блогера ў кайданках вечарам у аўторак этапавалі з Мінска ў Баку
«Ільхам Аліеў падзякаваў прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнкі і беларускаму боку за дэманстрацыю справядлівай пазіцыі і экстрадыцыю ў Баку блогера Аляксандра Лапшына», - адзначае прэс-служба азербайджанскага лідара.
Дадзены крок расцэньваецца як «праява азербайджана-беларускай дружбы» і «захаванне вяршэнства закона і міжнародных канвенцый», падкрэсліваецца ў паведамленні.
Лапшына экстрадавалі ў Азербайджан у аўторак, 7 лютага. Па прылёце ў Баку ён быў этапаваны ў следчы ізалятар № 1 Мінюста краіны.
Баку абвінавачвае блогера, які з'яўляецца грамадзянінам Ізраіля, Расіі і Украіны, у незаконным ўездзе ў Азербайджан па ўкраінскім пашпарце. У 2013 годзе блогер быў унесены ў чорны спіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіну ў сувязі з наведваннем непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, аднак у чэрвені 2015 года Лапшын наведаў Азербайджан.
У Азербайджане яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
***
Аляксандра Лапшына затрымалі ў Мінску ў ноч на 15 снежня 2016 года па запыце Азербайджана. 17 студзеня намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук пастанавіў экстрадаваць блогера ў Азербайджан.
7 лютага Вярхоўны суд, у якім блогер абскардзіў дадзенае рашэнне, пакінуў яго ў сіле. За затрыманага заступіўся Ізраіль, адна з краін грамадзянства Лапшына. Расія таксама выказалася супраць экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан.





